8 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі купанне забаронена ў 24 месцах масавага адпачынку насельніцтва. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. У Брэсцкай вобласці ў спіс неспрыяльных для купання трапілі рэкі Шчара (вёска Дарава, Ляхавіцкі раён), Ведьма (у Ляхавічах), зоны адпачынку ля ракі Чаква (вёска Рубель, Столінскі раён), ля возера аграгарадка Хмелева (Жабінкаўскі раён), ля вадасховішча Жабер (Драгічынскі раён), пляжы санаторыяў "Надзея" і "Буг" у Жабінкаўскім раёне. Закрыты для купання зоны адпачынку ля сямі азёр Полацкага раёна Віцебскай вобласці - гэта Гомель, Янова, Суя, Лясное, Скобрае, Школьнае, Шчаты. Акрамя таго, забаронена купанне ў кар'еры Шчацінка (Орша і Аршанскі раён) і ў рацэ Дняпро ў межах Оршы. Пашырыўся спіс небяспечных вадаёмаў у Гомельскай вобласці. У прыватнасці, у яго трапілі зоны ля ракі Дняпро (Жлобін), ля возера Святое (Рагачоўскі раён), пляж ля ракі Іпуць (горад Добруш, Добрушскі раён). Забаронена для купання акваторыя ракі Прыпяць у раёне рэкрэацыйнай зоны санаторыя "Сосны" (Мазырскі раён) і акваторыя рэкрэацыйнай зоны на левым беразе ракі Прыпяць (ад аўтамабільнага моста да рэчышча ракі Мярлявіца). У Магілёўскай вобласці эпідэміёлагі забараняюць купацца ў рацэ Даўжанка (вёска Даўгое, Клічаўскі раён) і ў возеры ля вёскі Аўсянка (Горацкі раён). У Гродзенскай вобласці ў спіс неспрыяльных для купання трапіла возера Кань-Белае (вёска Азёры Гродзенскага раёна). Прыдатнасць вадаёмаў для культурна-бытавога выкарыстання вызначаецца іх адпаведнасцю патрабаванням і нарматывам, выкладзеным у санітарных нормах, правілах і гігіенічных нарматывах "Гігіенічныя патрабаванні да зместу і эксплуатацыі водных аб'ектаў пры выкарыстанні іх у рэкрэацыйных мэтах", зацверджаных пастановай Міністэрства аховы здароўя. У СанПіН устаноўлены нарматыў утрымання ў вадзе вадаёмаў бактэрый групы кішэчнай палачкі, пры выкананні якога купанне з'яўляецца бяспечным. Вада не павінна ўтрымліваць узбуджальнікаў захворванняў, жыццядзейных яйцаў гельмінтаў. На паверхні вадаёма не дапускаецца наяўнасць плывучай плёнкі, плям мінеральных маслаў і назапашванняў іншых прымесей. Акрамя таго, вада не павінна мець не ўласцівых ёй пахаў, а ўтрыманне хімічных рэчываў не павінна перавышаць гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі.