10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з выкарыстаннем ільготных крэдытаў на спажывецкія патрэбы можна будзе набываць тавары ў індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэтая норма прадугледжана ўказам №11 "Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2009 г. №371", які 6 студзеня падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Указ прадугледжвае працягненне перыяду прадастаўлення грамадзянам ільготных крэдытаў на спажывецкія патрэбы да 2011 года і магчымасць набыцця тавараў з выкарыстаннем ільготных крэдытаў у індывідуальных прадпрымальнікаў. У адпаведнасці з указам ад 6 ліпеня 2009 года №371 "Аб ільготным спажывецкім крэдытаванні", адкрытымі акцыянернымі таварыствамі "Ашчадны банк "Беларусбанк", "Белаграпрамбанк", "Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі "Белінвестбанк" і "Белпрамбудбанк" у 2009-2010 гадах грамадзянам прадастаўляліся ільготныя крэдыты на спажывецкія патрэбы для набыцця тавараў па пераліку, які вызначаецца ўрадам. Паводле інфармацыі гэтых акцыянерных таварыстваў, попыт насельніцтва на гэты від крэдыту павялічваецца. У асноўным з выкарыстаннем ільготных спажывецкіх крэдытаў набываюцца мэбля і бытавая тэхніка. За 9 месяцаў 2010 года насельніцтву выдадзена спажывецкіх крэдытаў на суму больш за Br42 млрд. Указам таксама прадугледжваецца магчымасць набыцця спажывецкіх тавараў з выкарыстаннем ільготных крэдытаў у індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць продаж тавараў праз гандлёвыя аб'екты. Указ уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.-0-

БЕЛТА