Навукоўцы абмяркоўваюць ідэю стварэння даведачна-інфармацыйнага партала беларускай мовы накшталт вядомага расійскага рэсурсу "Грамота.ру". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі Ігар Капылоў.

Такая служба з умоўнай назвай "Правапіс.бай" змяшчала б разнастайныя інфармацыйна-даведачныя матэрыялы, давала б анлайн-кансультацыі. Ідэя ўзнікла зыходзячы з цяперашняй сітуацыі: у інстытут паступае шмат запытаў і ад фізічных, і ад юрыдычных асоб па прымяненні лексічных, арфаграфічных, граматычных нормаў. Афіцыйна штогод інстытут выдае больш за 1 500 заключэнняў і даведак, пры гэтым не ўлічваюцца кансультацыі па тэлефоне.
На думку Ігара Капылова, існаванне такога рэсурсу будзе спрыяць папулярызацыі мовы, павышэнню пісьменнасці грамадзян. Прапанову навукоўцы плануюць абмеркаваць з Міністэрствам інфармацыі Беларусі.
Акрамя таго, Інстытут мовазнаўства распрацоўвае новы тлумачальны слоўнік у 15 тамах, які будзе налічваць 244 тыс. слоў. Пяцітомнік, які выкарыстоўваецца сёння, уключае 97 тыс. слоў.