28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануецца на заканадаўчым узроўні замацаваць меры дзяржаўнай падтрымкі інавацыйнай дзейнасці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Мікалай Казак. Цяпер у парламенце на разглядзе знаходзіцца новы законапраект "Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці". Гэты дакумент, па словах дэпутата, прызваны "вызначыць дакладны механізм дзяржаўнага стымулявання інавацыйнай актыўнасці". Напрыклад, прадугледжваецца стымуляванне аўтараў інавацый (у тым ліку і матэрыяльнае), абарона іх асабістых правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці. Сярод асноўных задач дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі выдзелена таксама стымуляванне стварэння і развіцця арганізацый, якія ажыццяўляюць інавацыйную дзейнасць, развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў гэтай сферы. Упершыню на заканадаўчым узроўні ўведзены паняцці інавацыйных тавараў і інавацыйна-тэхналагічнага аўдыту. "Паняцце "інавацыйныя тавары" ўводзіцца ў мэтах арыентацыі дзяржаўнай падтрымкі на камерцыйна перспектыўныя праекты і вытворчасці. У якасці аднаго з відаў такой дзяржпадтрымкі прадугледжваецца прадастаўляць падатковыя льготы арганізацыям, якія рэалізуюць інавацыйныя тавары ўласнай вытворчасці", - растлумачыў Мікалай Казак. Асобная глава законапраекта прысвечана венчурнаму фінансаванню, інавацыйнай інфраструктуры. Разам з тым дэпутат лічыць законапраект недастаткова падрыхтаваным да разгляду ў Авальнай зале, праца над гэтым дакументам працягнецца. Пакуль дэпутаты разам з распрацоўшчыкамі законапраекта вядуць дэталёвую прапрацоўку паняццяў, многія з якіх з'явяцца ў беларускім заканадаўстве ўпершыню. Акрамя таго, па думцы дэпутата, у законапраекце неабходна больш падрабязна прапісаць прынцыпы дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы інавацый. Недастаткова, на яго погляд, дэталізаванае пытанне стварэння і кіравання венчурнымі фондамі. Мікалай Казак запэўніў, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працягнуць разам з зацікаўленымі ўстараняць недахопы новага законапраекта, каб ён быў па-сапраўднаму дзейсным і спрыяў развіццю інавацый у Беларусі.-0-

БЕЛТА