У Беларусі 23 ліпеня стартуе збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы. Гэты этап прэзідэнцкай кампаніі працягнецца да 21 жніўня ўключна, паведамляе БЕЛТА.
У Беларусі 23 ліпеня стартуе збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы. Гэты этап прэзідэнцкай кампаніі працягнецца да 21 жніўня ўключна, паведамляе БЕЛТА.
Грамадзяне, да якіх будуць звяртацца зборшчыкі подпісаў, павінны звяртаць увагу, ці правільна запоўнены падпісныя лісты. На асабовым баку падпіснога ліста павінны быць указаны без скарачэнняў звесткі пра асобу, якая вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты (прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння, пасада (занятак), месца працы і месца жыхарства, партыйнасць). Таксама там пазначаецца прозвішча, імя і імя па бацьку члена ініцыятыўнай групы, які збірае подпісы. Падпісны ліст запаўняецца на беларускай або рускай мове. Звесткі пра выбаршчыка, прадугледжаныя ў графах 1-5, могуць запаўняцца як самім выбаршчыкам, так і іншымі асобамі, у тым ліку членам ініцыятыўнай групы, які збірае подпісы. Аднак выбаршчык уласнаручна ставіць у падпісным лісце дату подпісу і распісваецца ў графах 6 і 7. Подпісы выбаршчыкаў нумаруюцца. У падпісным лісце павінны быць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі толькі аднаго горада абласнога падпарадкавання, раёна, а ў гарадах з раённым дзяленнем - аднаго раёна.
Акрамя таго, член ініцыятыўнай групы павінен мець пасведчанне, выдадзенае Цэнтральнай камісіяй, і дакумент, які сведчыць асобу. Гэтыя дакументы прад'яўляюцца выбаршчыкам.
Збор подпісаў можа праводзіцца падчас пікетаў. Дазвол на такі пікет не патрабуецца, калі ён арганізуецца ў месцы, не забароненым мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Напрыклад, у Мінску пікетаванне забаронена на аб'ектах метрапалітэна, чыгуначнага і паветранага транспарту, у падземных пешаходных пераходах; на Кастрычніцкай плошчы, плошчы Незалежнасці, плошчы Перамогі, плошчы Дзяржаўнага сцяга, Прывакзальнай плошчы, плошчы Якуба Коласа; на адлегласці менш за 200 м ад будынкаў рэзідэнцый Прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, Савета Міністраў; на адлегласці менш за 50 м ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць і бяспеку дзяржавы. У сталіцы пікетаванне для збору подпісаў можа праводзіцца з 8.00 да 22.00.
А вось збор подпісаў у вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў воінскіх часцях, ажыццяўляецца па ўзгадненні з камандзірамі воінскіх часцей у пазаслужбовы час у месцы, вызначаным камандзірам часткі. Пры зборы подпісаў у выбаршчыкаў, якія пражываюць у інтэрнаце, члены ініцыятыўных груп павінны выконваць правілы ўнутранага распарадку інтэрната, якія прадугледжваюць парадак наведвання інтэрната асобамі, што не пражываюць у ім.
Пры зборы подпісаў забараняецца прымус і ўзнагароджанне выбаршчыкаў за іх унясенне. У дадзеным выпадку маецца на ўвазе перадача выбаршчыку грашовых сродкаў, падарункаў, іншых матэрыяльных каштоўнасцей, правядзенне льготнай распродажы тавараў альбо бязвыплатнае або на льготных умовах аказанне паслуг. Не дапускаецца ўдзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў выбаршчыкаў у працоўны час.
Грамадзяне, якія вылучаюцца кандыдатамі ў прэзідэнты, не маюць права прыцягваць асоб, якія знаходзяцца ў іх у падпарадкаванні або іншай службовай залежнасці, для збору подпісаў выбаршчыкаў у працоўны час. Не дапускаецца правядзенне збору подпісаў падчас службовых камандзіровак. Таксама члены ініцыятыўных груп не маюць права пры зборы подпісаў раздаваць выбаршчыкам друкаваныя матэрыялы. Інфармацыйныя матэрыялы з біяграфічнымі данымі асоб, у падтрымку якіх ажыццяўляецца збор подпісаў, могуць прадастаўляцца выбаршчыкам толькі для азнаямлення.
Раней Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў завяршыла рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта. Усяго ЦВК дапусціла да ўдзелу ў зборы подпісаў 8 ініцыятыўных груп: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна, Сяргея Гайдукевіча, Віктара Церашчанку, Мікалая Улаховіча, Жанны Раманоўскай, Таццяны Кароткевіч і Анатоля Лебедзькі.
Для таго каб кандыдат быў зарэгістраваны, трэба сабраць не менш за 100 тыс. подпісаў. Пры гэтым канкрэтны грамадзянін Беларусі мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але ён не можа падпісвацца два і больш разоў за аднаго прэтэндэнта.
Каардынатары ініцыятыўнай групы павінны здаць падпісныя лісты ў адпаведную, раённую ці гарадскую, выбарчую камісію не пазней за 21 жніўня 2015 года.
Навіны Беларусі (БЕЛТА)