29 красавіка, Гродна /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. У Беларусі не будуць скарачаць фінансаванне сацыяльных праграм. Пра гэта заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік сёння на семінары кіраўнікоў рэспубліканскіх СМІ ў Гродне, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Ніякіх скарачэнняў у сацыяльнай сферы не плануецца", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер. На яго думку, сёння ў Беларусі выдзяляецца дастаткова сродкаў на вырашэнне сацыяльных праблем. У той жа час у бягучай пяцігодцы асноўная ўвага будзе нададзена мадэрнізацыі эканомікі. "Мы сёння павінны ўсё, што ў нас з'яўляецца, усё, што можам, накіроўваць на мадэрнізацыю эканомікі, - падкрэсліў Анатоль Тозік. - Калі гэтага не зробім, не будзем мець сродкаў для развіцця сацыяльнай сферы". На думку віцэ-прэм'ера, сацыяльная сфера, расходуючы бюджэтныя сродкі, павінна ўмець і самастойна зарабляць грошы. У якасці прыкладу Анатоль Тозік прывёў культурна-адукацыйную галіну. "Мы сёння велізарныя сродкі накіравалі на рэканструкцыю замкаў, але яны не зарабляюць. Чаму? - задаў слушнае пытанне віцэ-прэм'ер. - Сёння Мінкульт у асноўным спажывец і нічога не аддае ў бюджэт, хоць павінен гэта рабіць". Па словах Анатоля Тозіка, значна большая аддача ў бюджэт чакаецца і з боку Міністэрства адукацыі, у прыватнасці, дадатковыя даходы неабходна нарошчваць за кошт павелічэння колькасці замежных студэнтаў, якія навучаюцца ў Беларусі. Намеснік кіраўніка ўрада адзначыў, што ў цэлым асноўныя рэсурсы ў эканоміцы Беларусі павінны быць засяроджаны ў бягучай пяцігодцы на навукаёмістых і высокатэхналагічных галінах, у тым ліку ў IT-сферы, фармацэўтычнай прамысловасці, біятэхналогіях. Асобна будзе нададзена ўвага развіццю сферы паслуг. "У нас яна ў ВУП займае 40-41%, у той час як у паспяхова развітых краінах даходзіць да 70", - сказаў ён. Анатоль Тозік таксама дадаў, што ў Беларусі неабходна больш эфектыўна развіваць турыстычны патэнцыял. "У нас ёсць многае з таго, чаго няма ў свеце, у тым ліку ўнікальная прырода, - нагадаў ён. - Калі б мы гэты патэнцыял выкарысталі ў поўнай меры, маглі б атрымліваць да траціны ВУП". -0-

БЕЛТА