22 красавіка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. У Беларусі не было і не будзе раздачы дзяржмаёмасці. Аб гэтым заявіў сёння на пасяджэнні Саўміна прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Калі гаворка ідзе аб прыватызацыі, то ў нас яна платная, на конкурснай аснове прыватызацыя, за грошы, - падкрэсліў прэм'ер-міністр. - Калі прадаецца дзяржаўны або камунальны аб'ект або яго частка, гэтыя сродкі не павінны растварацца на бягучае спажыванне, а накіроўвацца на стварэнне новых аб'ектаў дзяржаўнай і камунальнай уласнасці". Прэм'ер-міністр адзначыў, што некаторыя часта гавораць аб раздачы ў Беларусі дзяржмаёмасці. Такія размовы Міхаіл Мясніковіч лічыць неабгрунтаванымі. "Ніякай раздачы дзяржмаёмасці ў Беларусі не было і не будзе, - сказаў ён. - Я даў даручэнне старшыні Дзяржкаммаёмасці разглядаць гэтае пытанне з аблвыканкамамі комплексна". Кіраўнік урада выказаў занепакоенасць працай па прыцягненні прамых замежных інвестыцый у Віцебскай вобласці, а таксама падкрэсліў, што няма выразнасці ў гэтай працы таксама ў Брэсцкага, Гомельскага аблвыканкамаў і Мінска. "З боку шэрагу кіраўнікоў абласцей у чарговы раз узнімаліся пытанні няўзгодненасці рэгіянальнага і галіновага узроўняў, - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. - Я гэта расцэньваю як пэўную бездапаможнасць Міністэрства эканомікі і камітэтаў эканомікі адпаведных аблвыканкамаў". Па словах прэм'ер-міністра, усе гэтыя пытанні павінны былі быць узгоднены яшчэ ў мінулым годзе. Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на тое, што крайнюю занепакоенасць выклікае таксама праца па прыцягненні прамых замежных інвестыцый, праводзімая прадпрыемствамі лёгкай прамысловасці. "Інвестыцыі скараціліся амаль напалову, замежных крыніц практычна няма і не праглядаецца", - канстатаваў ён. Падобная сітуацыя склалася і на прадпрыемствах канцэрна "Белбіяфарм". Ім даведзены невялікія, "нават мізэрныя" заданні па прыцягненні замежных інвестыцый, але нават гэтыя аб'ёмы не выконваюцца. "У вельмі цяжкім становішчы знаходзяцца энергетычныя будоўлі, на планавыя аб'ёмы гэтага года не хапае каля трэці рэальных крыніц фінансавання", - падкрэсліў прэм'ер-міністр. У сітуацыі, якая склалася, ён запатрабаваў ад міністэрстваў, перш за ўсё Мінэканомікі, адкрытай размовы па названых праблемах. "Гэта павінна быць адкрытая размова, а не стогны аб тым, што нешта не атрымалася", - сказаў ён, пры гэтым адзначыўшы, што прапановы павінны быць канкрэтнымі.