21 жніўня, Мінская вобласць /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу працягнуць стварэнне ў краіне сучасных малочна-таварных комплексаў. Аб гэтым ён сказаў сёння, падводзячы вынікі наведвання агракамбінатаў "Дзяржынскі" і "Ждановічы" падчас рабочай паездкі ў Мінскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Мае патрабаванні застаюцца ранейшымі. Сёння, размаўляючы з кіраўнікамі і спецыялістамі перадавых гаспадарак, я яшчэ раз пераканаўся: мы на правільным шляху і не робім ніякіх тэхналагічных памылак. Што тычыцца майго патрабавання па мадэрнізацыі старых малочна-таварных ферм (дзе даяць кароў у вядро або малакаправод), то трэба працягнуць стварэнне малочна-таварных комплексаў у строгай адпаведнасці з тэхналогіяй". У ходзе абмеркавання дадзенай тэматыкі ніякіх супярэчнасцей і спрэчак у спецыялістаў і кіраўнікоў абласцей не было па пытаннях кармлення, паення, даення, а таксама выдалення гною на новых фермах. "Але некаторыя хочуць мае патрабаванні спрасціць і дадаць адно звяно, якое каштуе грошай, пакінуўшы малочна-таварныя фермы з даеннем у малакаправод. Але гэта не тая якасць малака, патрэбна даільная зала. Як мадэрнізаваць фермы, мы ўбачылі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Спадзяюся, што сённяшняе мерапрыемства, у выніку якога мы адзін аднаго пачулі і зразумелі, падвядзе рысу ў спрэчках: якімі быць у перспектыве малочна-таварным комплексам. Тое, што мы робім, гэта не самамэта, гэта напружаная праца", - лічыць Прэзідэнт. На яго думку, адкладаць гэту працу нельга. "Той, хто бяжыць хутчэй, той выйграе. А нас час падганяе, таму што, калі мы будзем працаваць у рамках ВАГ, у якую ўжо ўступае Расія, нам давядзецца канкурыраваць з вядучымі сусветнымі фірмамі. Каб выжыць і быць канкурэнтамі ў гэтай барацьбе, трэба мець добрае і якаснае малако", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У якасці станоўчага прыкладу таго, як трэба працаваць і мадэрнізаваць жывёлагадоўчую галіну, Аляксандр Лукашэнка прывёў кіраўніка агракамбіната "Ждановічы" Рыгора Чуйко, які ўжывае сучасныя тэхналогіі і будзе ўжываць на новых комплексах робатаў: "Чалавек прад'яўляе павышаныя патрабаванні да ўмоў працы".