17 мая, Мінск /Лія Крапівіна - БЕЛТА/. У Беларусі непрыватызаванае грамадзянамі жыллё будуць пераводзіць у камерцыйнае. Аб гэтым паведаміў сёння міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Шорац, адказваючы на пытанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў ходзе пасяджэння сесіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міністр адзначыў, што ў цяперашні час практычна распрацаваны, узгоднены і рыхтуюцца да накіравання Прэзідэнту праект указа аб пераводзе жылых памяшканняў, прадастаўленых грамадзянам па дагаворы найму, у разрад камерцыйнага жылля. Акрамя таго, прадугледжваецца і перавод службовых жылых памяшканняў у разрад жылля камерцыйнага карыстання.
Андрэй Шорац удакладніў, што ў Жыллёвым кодэксе Беларусі, які пачаў дзейнічаць з сакавіка бягучага года, ёсць палажэнні, якія прадугледжваюць увядзенне платы за карыстанне памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду, прадастаўленыя па дагаворы найму. І на сённяшні дзень у Беларусі такога жылля налічваецца 392 тыс. кватэр, або 14% агульнага жылля. Гэта жыллё грамадзяне маюць права прыватызаваць. Міністр адзначыў, што 182 тыс. грамадзян маюць на руках чэкі "Жыллё", якія яны могуць накіраваць на прыватызацыю жылля.
"Праектам указа прадугледжана, што на працягу года з моманту прыняцця гэтага дакумента грамадзянін мае права на прыватызацыю такога віду жылля, - сказаў міністр. - Калі ж грамадзяне адмаўляюцца або па нейкіх прычынах не могуць прыватызаваць, то гэта жыллё пераводзіцца ў ранг арэнднага, гэта значыць жылля камерцыйнага карыстання". Калі ж людзі не гатовыя ні прыватызаваць, ні плаціць за карыстанне такіх кватэр, то гэта жыллё па заяве грамадзяніна прадугледжваецца перавесці ў жыллё сацыяльнага карыстання, без яго магчымай прыватызацыі. -0-