Рэспубліканскі моладзевы фестываль-конкурс "Медыясфера-2019", які пройдзе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 24-26 красавіка, пачаў прыём заявак, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі.

"Медыясфера" - прастора для самавыяўлення, якая дае шанец пазнаёміцца з блізкімі па духу людзьмі, знайсці новых сяброў і проста добра правесці час. Наш форум збірае і аб'ядноўвае творча мыслячых навучэнцаў і студэнтаў, якія робяць першыя крокі ў галіне фотамастацтва, друку, кіна- і відэамастацтва. Цяперашні фестываль праходзіць у Год малой радзімы і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таму ключавымі тэмамі конкурсных работ стануць такія, як "Маёй юнацкасці мілы край" і "Мы гэтай памяці верныя", - распавялі арганізатары.

Да ўдзелу запрашаецца моладзь ва ўзросце ад 14 да 31 года: студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі, навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, навучэнцы ўстаноў сярэдняй адукацыі, якім неабходна да 12 красавіка запоўніць заяўку на сайце фестывалю.

"Мы запрашаем будучых і маладых журналістаў, а таксама ўсіх, хто любіць здымаць відэа для сацыяльных сетак, умее мантаваць яго, робіць цікавыя фотаздымкі і жадае заявіць пра сябе. Наша галоўная мэта - знайсці самых таленавітых рабят Беларусі, пазнаёміцца з крэатыўнымі ідэямі, адкрыць новыя імёны ў медыясферы. Акрамя таго, тры дні прафесіяналы будуць дзяліцца сваімі сакрэтамі падчас майстар-класаў, а мы арганізуем медыяквест - забаўляльную гульню з рашэннем медыягалаваломак", - адзначылі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

Першы фестываль "Медыясфера" прайшоў у 2010 годзе ў статусе ўніверсітэцкага мерапрыемства, у наступным - рэгіянальнага. У 2019 годзе ён стаў рэспубліканскім дзякуючы падтрымцы Мінінфарма.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць Міністэрства інфармацыі Беларусі, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, кафедра журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)