11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі аб'яўлены тэндар на правядзенне ваенна-патрыятычнага маршруту "Дарогамі воінскай славы", прысвечанага 200-годдзю Айчыннай вайны 1812 года. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела маркетынгу і турысцка-інфармацыйнага цэнтра Нацыянальнага агенцтва па турызме Уладзімір Янкавенка.
У ваенна-патрыятычным маршруце, які пройдзе з 29 чэрвеня па 5 ліпеня па тэрыторыях Беларусі і Расіі, возьмуць удзел 100 чалавек, у тым ліку 88 выхаванцаў кадэцкіх і сувораўскіх ваенных вучэльняў і 12 суправаджаючых. Удзельнікі мерапрыемства наведаюць памятныя мясціны, ускладуць кветкі і вянкі да помнікаў Айчыннай вайны 1812 года.
Мяркуемыя выдаткі на правядзенне ваенна-патрыятычнага маршруту складуць каля Br780 млн. У прыватнасці, на знаходжанне ўдзельнікаў на тэрыторыі Беларусі плануецца выдаткаваць да Br294 млн.
У тэндары на арганізацыю паездкі можа прыняць удзел любая беларуская турфірма. Выбраць выканаўцу трэба будзе конкурснай камісіі Нацыянальнага агенцтва па турызме.
У Беларусі кадэты і сувораўцы пабываюць у Віцебску, Бешанковічах, Барысаве, Полацку (мяркуецца наведванне Сафійскага сабора, краязнаўчага музея і музея кнігадрукавання), убачаць гістарычную рэканструкцыю падзей пераправы напалеонаўскіх войскаў на рацэ Бярэзіна. У Мінску ўдзельнікам ваенна-патрыятычнага маршруту пакажуць Нацыянальны гістарычны музей і Нацыянальную бібліятэку, пасля чаго іх чакае экскурсія па Міры і Нясвіжы.
Правядзенне ваенна-патрыятычнага маршруту "Дарогамі воінскай славы фінансуецца з бюджэту Саюзнай дзяржавы.-0-
БЕЛТА
У Беларусі абвешчаны тэндар на правядзенне маршруту да 200-годдзя вайны 1812 года
11.6.20120 праглядаў