У Беларусі абвешчаны пераможцы Нацыянальнай музычнай прэміі
13.12.20120 праглядаў
13 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пераможцы рэспубліканскага конкурсу "Нацыянальная музычная прэмія" у галіне эстраднага мастацтва абвешчаны 12 снежня на гала-канцэрце ў Палацы спорту, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Уладальнікамі Нацыянальнай музычнай прэміі сталі: у намінацыі "Лепшая песня года" - Ларыса Грыбалёва ("Не крыўдуй на мяне"), "Лепшы поп-выканаўца (калектыў)" - Саша Нямо, "Лепшы рок-выканаўца (калектыў)" - гурт Open Space, "Лепшы джаз-выканаўца (калектыў)" - гурт Apple Tea Jazz Band, "Лепшы этна-фолк-выканаўца (калектыў)" - гурт "Стары Ольса", "Адкрыццё года" - гурт IOWA, "Лепшы аўтар музыкі" - Герман ("У цішыні світання"), "Лепшы аўтар слоў" - Яраслаў Ракіцін ("Чуеш, я іду да цябе"), "Лепшы аранжыроўшчык" - Юрый Вашчук, "Лепшая беларускамоўная песня года" - Анатоль Ярмоленка ("Прыязджайце да нас у Беларусь"), "Лепшы музычны альбом" - гурт "Цяні-Толкай" ("Мне з табой пашанцавала"), "Лепшая песня (музычны альбом) для кіно, тэлебачання" - гурт "Драм Экстазі" (музыка для фільма "Селітра №7"), "Лепшы канцэрт года" - гурт "Без білета" (канцэрт "Зорка"), "Лепшы гастрольны тур" - Аляксандр Саладуха ("Берагі"), "Лепшы кліп года" - гурт "Лермант" ("Прыгажосць"), "Лепшы журналіст (музычны крытык)" - Сяргей Андрыянаў, "Лепшы прадзюсар" - Уладзімір Кубышкін, "За ўклад у развіццё сучаснай музыкі" - Якаў Навуменка, "Зорачка года (лепшы юны выканаўца)" - Аляксандра Локціёнава.
Былі ўручаны таксама спецыяльныя прызы журы: "Дэбют года" - пераможцу праекта "Спяваючыя гарады" Юліі Жыдкай, "Юбілей года" - народнаму артысту Беларусі Аляксандру Ціхановічу, які адзначыў 60-годдзе, "Крэатыў года" - Аляксандру Саладусе і ўдзельнікам праекта "Спяваючыя гарады" з Мінска, "Надзея года" - заслужанай артыстцы Беларусі Алене Ланской, "Дублёры года" - удзельнікам праекта "Спяваючыя гарады" з Рагачова.
Пераможцы вызначаны па выніках працы за 2012 год. Асноўныя крытэрыі ацэнкі творчых праектаў - іх мастацкая каштоўнасць і грамадская значнасць. Усяго на ўдзел у конкурсе было пададзена каля 1 тыс. заявак.
Лаўрэатам прэміі былі ўручаны спецыяльныя прызы, дыпломы і грашовыя прэміі. Статуэтка Нацыянальнай музычнай прэміі, дызайн якой распрацаваны скульптарам Андрэем Хацяноўскім, арганічна спалучае ў сабе музычную сімволіку, зорку як сімвал эстрады і беларускія арнаменты.
Рэспубліканскі конкурс "Нацыянальная музычная прэмія" накіраваны на развіццё нацыянальнага эстраднага мастацтва, павышэнне прэстыжу айчынных аўтараў і выканаўцаў, а таксама на стварэнне ўмоў для прасоўвання творчасці таленавітых выканаўцаў, кампазітараў і паэтаў-песеннікаў, гукарэжысёраў, аранжыроўшчыкаў, прадзюсараў, журналістаў.
Арганізатары Нацыянальнай музычнай прэміі - Міністэрства культуры Беларусі і ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне".
Нацыянальная музычная прэмія праводзіцца ў Беларусі ў другі раз. Год таму сярод уладальнікаў музычнай прэміі ў розных намінацыях былі Іна Афанасьева, Аляксей Хлестаў, гурт "Траіца", Леанід Шырын, Ніна Багданава, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Максім Алейнікаў, гурт "J:Морс", Лідзія Заблоцкая, Алёна Ланская, Ганна Хітрык і гурт S`unduk, гурт Litesound, Дзмітрый Калдун і іншыя артысты. Прыз "За ўклад у развіццё беларускай эстрады" быў прысуджаны народнаму артысту СССР і Беларусі Уладзіміру Мулявіну.
БЕЛТА