У Беларусі аплата ЖКП будзе залежаць ад ступені даходаў грамадзян
12.10.20120 праглядаў
12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі аплата жыллёва-камунальных паслуг будзе залежаць ад ступені даходаў грамадзян. Пра гэта заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін падчас прамой лініі ў газеце "Рэспубліка", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Аплата ЖКП будзе залежаць ад ступені даходаў грамадзян, ёсць адпаведнае даручэнне кіраўніка дзяржавы. Мы зараз сумесна з Мінжылкамгасам і Мінпрацы і сацабароны выпрацоўваем меры, якія дазволілі б без шкоды для грамадзян з нізкімі даходамі ўсталяваць плату за жыллёва-камунальныя паслугі, набліжаныя да сабекошту", - адзначыў віцэ-прэм'ер, падкрэсліўшы, што гэта няпростае пытанне, рашэнне якога не ляжыць на паверхні. "Таму спачатку мы плануем увесці дыферэнцыраваныя тарыфы на аплату электраэнергіі, ацяплення і выкарыстання газу для ацяплення, што тычыцца выкарыстання газу на прыгатаванне ежы, механізм аплаты будзе ранейшы", - растлумачыў ён.
Анатоль Калінін адзначыў, што ва Украіне ўжо некалькі гадоў ужываецца падобная практыка, а ў Расіі распрацаваны план мерапрыемстваў па пераходзе на дыферэнцыраваную аплату цяпла, вады, газу, электраэнергіі, якую плануюць укараніць на працягу двух гадоў. "Мы пакуль толькі ажыццявілі праект па дыферэнцыраванай аплаце водазабеспячэння, але ўжо сёння зразумела, што вынікі ў яго нядрэнныя: адбылося прыкметнае скарачэнне аб'ёмаў спажывання і павелічэнне аплаты з боку тых, хто спажывае ваду звыш нарматыву", - паведаміў намеснік прэм'ер-міністра.
Паводле інфармацыі віцэ-прэм'ера, у цяперашні час рыхтуецца нарматыўны дакумент па ўвядзенні дыферэнцыраванай аплаты электраэнергіі. "Магчыма, гэта адбудзецца з 1 лістапада 2012 года. Хацелася б падысці да вырашэння гэтага пытання як мага прасцей для грамадзян: падняць тарыфы да сабекошту і выплачваць безнаяўныя жыллёвыя субсідыі тым грамадзянам, якія ў іх маюць патрэбу. Я лічу, што гэты варыянт больш разважлівы і справядлівы", - выказаў меркаванне Анатоль Калінін.
Намеснік прэм'ер-міністра падкрэсліў: "Вядома, мы не выйдзем адначасова на стопрацэнтную аплату паслуг па іх сабекошце. Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця і Праграмай дзейнасці ўрада на 2011-2015 гады прадугледжана паэтапнае павышэнне ўзроўню пакрыцця насельніцтвам выдаткаў на аказанне комплексу жыллёва-камунальных паслуг да 60%, у 2015 годзе з давядзеннем яго па асобных відах паслуг, такіх як водазабеспячэнне, электра- і газазабеспячэнне, вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў, да ўзроўню сабекошту". Таксама прапрацоўваецца пытанне аб тым, каб у рэгіёнах фарміраваліся асобныя тарыфы - тэхабслугоўванне, капрамонт жылых дамоў, абслугоўванне ліфтоў, вываз цвёрдых бытавых адходаў.
Гэтыя пытанні ў цяперашні час вывучае створаная група пад кіраўніцтвам Анатоля Калініна, у бліжэйшыя дні яны будуць прапрацаваны ва ўрадзе і ўнесены прапановы кіраўніку дзяржавы. "Толькі тады стане зразумела, які ж механізм у дыферэнцыраваным падыходзе да аплаты ЖКУ будзе асноўным", - адзначыў віцэ-прэм'ер.-0-
БЕЛТА