27 снежня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі вызначаюцца тэрміны павышэння тарыфнай стаўкі першага разраду на 2013 год. Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётр Грушнік на online канферэнцыі на сайтах БЕЛТА і міністэрства.
"Урадам плануецца павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы ў 2013 годзе. Канкрэтныя тэрміны яе павышэння ў цяперашні час вызначаюцца, - сказаў Пётр Грушнік. - У 2013 годзе заработная плата работнікаў бюджэтнай сферы будзе павышацца зыходзячы з эканамічных магчымасцей дзяржавы і напаўняльнасці даходнай часткі кансалідаванага бюджэту краіны".
Ён дадаў, што суадносіны сярэднямесячнай заработнай платы бюджэтнікаў у 2012 годзе, па ацэнцы, складзе парадку 80% да сярэднямесячнай заработнай платы па рэспубліцы.
Што тычыцца тэрмінаў павышэння заработнай платы дзяржслужачым, то такое рашэнне прымаецца Прэзідэнтам зыходзячы з фінансавых магчымасцей дзяржавы, падкрэсліў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны.
Адказваючы на пытанне рэспандэнта, Пётр Грушнік адзначыў, што ўмовы аплаты працы кіраўнікоў арганізацый пастаянна ўдасканальваюцца, паколькі ў рэспубліцы змяняюцца ўмовы эканамічнай дзейнасці арганізацый, мэты і задачы, пастаўленыя перад арганізацыямі і іх кіраўнікамі. "Рэгуляванне ўзроўню заработнай платы кіраўніка арганізацыі толькі праз каэфіцыент суадносін не з'яўляецца новацыяй, яно ажыццяўляецца і ў цяперашні час, - праінфармаваў ён. - У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў ад 25 ліпеня 2002 года №1003 нароўні з іншымі ўмовамі аплаты працы кіраўнікам арганізацый устанаўліваецца каэфіцыент суадносін у памеры да 8 разоў".-0-
БЕЛТА
У Беларусі вызначаюцца тэрміны павышэння тарыфнай стаўкі першага разраду на 2013 год
27.12.20120 праглядаў