У Беларусі сёння адзначаецца Дзень спажыўца пад дэвізам "Здаровае харчаванне – выбар сучаснага спажыўца", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства гандлю.

У Беларусі сёння адзначаецца Дзень спажыўца пад дэвізам "Здаровае харчаванне – выбар сучаснага спажыўца", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства гандлю.

"Выбар нацыянальнага дэвізу звязаны з тэматыкай Сусветнага дня спажыўца, вызначанай на 2015 год Міжнароднай федэрацыяй спажывецкіх арганізацый Consumers International (CI). Па аналагічнай тэматыцы Дні спажыўца праходзяць у Расіі і шэрагу іншых краін", - распавялі ў Мінгандлі.

Па ацэнках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя збалансаваны рацыён адыгрывае ключавую ролю ў прафілактыцы сардэчна-сасудзістых, шэрагу анкалагічных захворванняў, атлусцення і цукровага дыябету. Няправільнае харчаванне называецца ў шэрагу асноўных прычын залішняй вагі, высокага крывянога ціску, высокага ўзроўню глюкозы ў крыві і высокага ўзроўню халестэрыну.

"Беларускія прадукты харчавання добра зарэкамендавалі сябе як на ўнутраным, так і на знешніх рынках. Айчыннымі вытворцамі пастаянна павялічваецца выпуск новых відаў прадукцыі, збалансаваных па харчовым складзе. У дадзеным напрамку актыўна працуюць малочная, мясная, кандытарская, хлебапякарная прамысловасць рэспублікі", - канстатавалі ў прэс-службе.

Міністэрствам гандлю прымаюцца меры па забеспячэнні насельніцтва шырокім асартыментам прадуктаў харчавання, у тым ліку прафілактычнага прызначэння. У абавязковыя асартыментныя пералікі гандлёвых аб'ектаў уключаны малочныя прадукты з утрыманнем тлушчу не больш за 2,5%, рыба жывая, хлебцы, крупы, ёдаваная соль, фітачаі, свежая плодаагароднінная прадукцыя. У мэтах павелічэння рэалізацыі свежай плодаагародніннай прадукцыі сумесна з Мінсельгасхарчам і Белкаапсаюзам зацверджаны памесячны графік пастаўкі ў 2015 годзе ў гандлёвую сетку бульбы, агародніны і яблыкаў ад айчынных вытворцаў (больш за 20 культур). Для гарантаванага забеспячэння насельніцтва ў міжсезонны перыяд 2014/2015 года ў абласцях і Мінску створаны стабілізацыйныя запасы прадуктаў раслінаводства.

У 2014 годзе ў параўнанні з 2013-м арганізацыямі гандлю павялічаны продаж садавіны на 20,9%, агародніны - на 8,5%, мясапрадуктаў - на 5,4%, рыбы і морапрадуктаў - на 7,4%, дзіцячага харчавання - на 9,77%.