4 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пералік тавараў, кошты на якія рэгулююцца, у беларускім спажывецкім кошыку можа быць скарочаны ў 2014 годзе. Пра гэта падчас прамой тэлефоннай лініі, арганізаванай у газеце "Рэспубліка", паведаміў міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снопкаў.
"Калі вы заўважылі, то мы за апошнія тры гады паступова памяншаем колькасць тавараў, кошты на якія рэгулююцца, у спажывецкім кошыку. Думаю, што ў 2014 годзе яшчэ скароцім гэты пералік, і ў тым ліку, найбольш верагодна, з яго знікне хлебабулачная прадукцыя", - адзначыў ён.
У Беларусі паступова адыходзяць ад пазіцый, кошты на якія рэгулююцца, у структуры цэнаўтварэння. "Нядаўняе павышэнне коштаў на хлеб з'яўляецца планавым, паступовым, каб гэтыя найменні хлеба і хлебабулачных вырабаў, якія займаюць самы нізкі цэнавы сегмент, паступова вывесці на ўзровень сабекошту. На ўсе астатнія хлебы, батоны кошты фарміруюцца ў залежнасці ад попыту, на аснове сабекошту і рэнтабельнасці", - растлумачыў міністр. Ён звярнуў увагу, што Мінэканомікі не стала адразу павышаць кошты на хлеб у пачатку года, каб ажыццявіць гэта паступова, у адпаведнасці з ростам даходаў насельніцтва.
Мікалай Снопкаў падкрэсліў, што тавары ў Беларусі даражэюць нязначна, і гэта з'яўляецца планавым. "Павышэнне коштаў на 10% на той жа хлеб - гэта ўсяго плюс Br300-400 да яго ранейшага кошту. Хачу заўважыць, што і акцызы, і ўсе рашэнні, якія мы прымалі наконт пазіцый, кошты на якія рэгулююцца, па павышэнні коштаў, адпавядаюць нашай матрыцы. Мы па-ранейшаму пацвярджаем інфляцыю ў 2013 годзе ў раёне 12%", - канстатаваў кіраўнік Мінэканомікі.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)