17 жніўня, Мінск /Вольга Стружынская - БЕЛТА/. У Беларусі пераглядаюцца тэрміны выдачы бальнічных лістоў. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі дырэктар РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі прафесар Васіль Смычак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Міністэрствам аховы здароўя пастаўлена задача выправіць і перарабіць інструкцыі па інваліднасці, а таксама інструкцыі па выдачы лістка часовай непрацаздольнасці (бальнічнага)", - распавёў дырэктар РНПЦ. Гэтыя меры накіраваны на тое, каб "чалавека, калі ён хварэе, менш ганяць у паліклініку".
Плануецца, што ў выпадку захворвання на ВРВІ або грып, да прыкладу, выдаваць бальнічны не на 3 дні, а на 5-6 і гэтак далей. Акрамя таго, будуць мяняцца тэрміны выдачы лісткоў непрацаздольнасці, напрыклад, у цяжкіх хворых пасля інсульту. "Калі мы бачым, што ў цяжкага хворага няма паляпшэння, будзе шырэй практыкавацца выдача бальнічнага на 5-6 месяцаў", - адзначыў Васіль Смычак.
Закранаючы пытанне аб пераглядзе інструкцыі па інваліднасці, дырэктар РНПЦ паведаміў, што пільную ўвагу будзе звяртацца на вызначэнне бестэрміновай інваліднасці. У прыватнасці, калі 3 гады няма паляпшэнняў, то інваліднасць будзе прысвойвацца бестэрмінова.
Чакаецца, што новыя інструкцыі будуць прыняты ўжо ў гэтым годзе. Васіль Смычак яшчэ раз падкрэсліў, што гэтыя меры накіраваны на тое, каб палегчыць "хаджэнне па пакутах" пацыентаў.-0-
БЕЛТА
У Беларусі пераглядаюцца тэрміны выдачы бальнічных лістоў
17.8.20100 праглядаў