9 жніўня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. У Беларусі плануецца выключыць прымяненне ў безнаяўных разліках чэкаў. Пра гэта сказана ў лісце Нацыянальнага банка камерцыйным банкам, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У цяперашні час у Беларусі праводзіцца работа па развіцці сістэмы безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем сучасных электронных плацежных інструментаў і сродкаў плацяжу. Да плацежных інструментаў, якія выкарыстоўваюцца пры ажыццяўленні разлікаў у безнаяўнай форме, адносяцца чэкі, банкаўскія плацежныя карткі і іншыя інструменты.
Для ацэнкі актуальнасці ажыццяўлення безнаяўных разлікаў з дапамогай чэкаў з чэкавых кніжак і разліковых чэкаў Нацыянальны банк прааналізаваў атрыманую ад банкаў інфармацыю аб аплачаных банкамі чэкадаўцам чэках, а таксама мэтазгоднасць іх выкарыстання ў разліках. Інфармацыя сведчыць аб непапулярнасці разлікаў з дапамогай чэкаў (незначныя аб'ёмы разлікаў, жорсткія патрабаванні да афармлення дакументаў, працаёмкасць вядзення аперацый, працяглы час паступлення грашовых сродкаў).
"Прымаючы за аснову меркаванні банкаў аб немэтазгоднасці выкарыстання чэкаў і з улікам тэндэнцыі да скарачэння выкарыстання ў міжнароднай практыцы плацежных дакументаў на папяровым носьбіце, Нацыянальным банкам плануецца выключыць форму разлікаў чэкамі", - гаворыцца ў лісце рэгулятара.
Гэта будзе зроблена шляхам адмены Інструкцыі аб парадку правядзення аперацый з выкарыстаннем чэкаў з чэкавых кніжак і разліковых чэкаў, якая была зацверджана пастановай праўлення Нацбанка №43 ад 30 сакавіка 2005 года, а таксама за кошт унясення адпаведных змяненняў у заканадаўчыя акты Беларусі.
На падставе вышэйзгаданага рэгулятар рэкамендуе банкам да 1 студзеня 2015 года правесці работу з кліентамі па пераходзе на сучасныя плацежныя інструменты і сродкі плацяжу і выключэнні прымянення імі ў безнаяўных разліках чэкаў. Таксама банкам рэкамендавана працягнуць аснашчэнне плацежнымі тэрміналамі прадпрыемстваў рознічнага гандлю і іншых арганізацый, якія не маюць тэрмінальнага абсталявання.-0-