У Беларусі плануецца перайсці да комплекснага падыходу пры капітальным рамонце жылых дамоў. Пра гэта віцэ-прэм'ер Уладзімір Кухараў заявіў у эфіры тэлеканала АНТ, паведамляе БЕЛТА.
Такія работы больш эфектыўна праводзіць адразу кварталамі, адзначыў намеснік прэм'ер-міністра. "Гэта дало б магчымасць актыўна ўдзельнічаць (у капітальным рамонце. - Заўвага. БЕЛТА) прадпрыемствам будаўнічай галіны. Калі зыходзіць з логікі, то той, хто будуе, павінен у далейшым і забяспечваць капітальны рамонт, ведаючы канструктыўныя асаблівасці", - растлумачыў Уладзімір Кухараў.
Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што гэтае пытанне знаходзіцца на кантролі. "Мы працуем над тым, каб перайсці да комплексных падыходаў, гэта значыць браць дваровыя тэрыторыі і прылеглыя дамы (адразу пяць-шэсць), каб у адзін год іх зрабіць", - сказаў ён.
Нядаўна прынята сумесную пастанову міністэрстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і архітэктуры і будаўніцтва, якой павялічаны аб'ём сродкаў, што накіроўваюцца ў рамках капрамонту на добраўпарадкаванне. Такое рашэнне прынята ў сувязі з вялікай колькасцю зваротаў грамадзян, паведаміў віцэ-прэм'ер.