28 лістапада, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. У Беларусі плануецца стварыць сем харчовых кампаній, уключаючы адну галоўную. Пра гэта паведаміў сёння віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, адказваючы на пытанні ўдзельнікаў сумеснaга пасяджэння дзвюх палат Нацыянальнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах віцэ-прэм'ера, харчовыя кампаніі павінны будуць займацца збытам беларускіх тавараў, перш за ўсё мяса-малочнай прадукцыі. Стварэнне буйных аб'яднанняў дазволіць павялічыць экспарт харчовых тавараў і пашырыць рынкі іх збыту за мяжой. Міхаіл Русы заўважыў, што ў Беларусі навучыліся вырабляць, але пакуль не заўсёды ўмеюць эфектыўна гандляваць. Віцэ-прэм'ер таксама закрануў тэму далучэння сельгаспрадпрыемстваў да буйных суб'ектаў гаспадарання. "Любое далучэнне павінна быць эканамічна мэтазгодным, - адзначыў ён. - Тое, што ў рэспубліку прыйшлі інвестары і шляхам пераразмеркавання прыбытку прывялі ў парадак тэрыторыі, гэта правільна. Але на сёння існуе кадравая праблема". Намеснік старшыні ўрада таксама распавёў, што ў 2013 годзе плануецца пабудаваць 1 тыс. 900 кватэр для работнікаў аграпрамысловага комплексу. Жыллё будзе будавацца ў тых месцах, дзе існуюць аграпрамысловыя комплексы і ўзнікае неабходнасць у рабочай сіле. "Кватэры павінны будавацца там, дзе патрэбны спецыялісты і дзе яны запатрабаваны", - растлумачыў Міхаіл Русы. -0-

БЕЛТА