21 снежня, Мінск /Лілія Крапівіна - БЕЛТА/. У Беларусі плануецца ўвесці норму спажывання электраэнергіі ў аб'ёме прыкладна 107 кВт.г на аднаго чалавека ў месяц. Пра гэта паведаміў сёння журналістам віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Цяпер гэтая прапанова разглядаецца ў рабочых камісіях урада. Плануецца вынесці дадзенае пытанне на Прэзідыум Савета Міністраў, і там канчаткова будзе прынята рашэнне. Анатоль Калінін таксама ўдакладніў, што калі ў сям'і два чалавекі, то норма павялічваецца яшчэ на 30 кВт.г, калі тры чалавекі - адпаведна яшчэ на столькі ж. Па словах Анатоля Калініна, згодна з аналізам, гэтага спажывання электраэнергіі ў побыце будзе цалкам дастаткова для камфортнага пражывання. "Але дзесьці, вядома, хто неэканомна спажывае, давядзецца нейкую частку - 5-10% - заплаціць са свайго бюджэту па сабекошце", - сказаў ён. На думку віцэ-прэм'ера, гэта нармальна, апраўдана, ва ўсім свеце так адбываецца, таму нічога неадэкватнага тут няма.-0-

БЕЛТА