20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануецца заключыць больш за 900 дагавораў на працаўладкаванне навучэнскай моладзі ў вольны ад вучобы час, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Жанна Шчамелева.
"У цяперашні час у рэгіёнах рэспублікі праводзіцца падрыхтоўчая работа: заключаюцца дагаворы з арганізатарамі на працаўладкаванне навучэнскай моладзі, вызначаюцца канкрэтныя віды работ, памер фінансавання, - адзначыла суразмоўніца. - Аб'екты і аб'ёмы работ на 2014 год практычна вызначаны. У асноўным моладзь будзе займацца азеляненнем і добраўпарадкаваннем тэрыторыі навучальных устаноў і ўстаноў сацыяльнай абароны, рамонтам навучальнай мэблі, рэстаўрацыяй кніжнага фонду бібліятэк, пашывам пасцельнай бялізны, вырабам стэндаў і іншымі агульнадаступнымі відамі работ".
Усяго ў бягучым годзе плануецца працаўладкаваць у вольны ад вучобы час 21,7 тыс. чалавек і выкарыстаць на гэтыя мэты Br25,3 млрд. Жанна Шчамелева падкрэсліла, што ўдзельная вага расходаў на арганізацыю часовай працоўнай занятасці моладзі ў агульнай суме сродкаў, якія выдзяляюцца на забеспячэнне занятасці насельніцтва, пастаянна расце. Так, калі ў 2006 годзе доля расходаў на гэтыя мэты складала 6,6%, у 2010 годзе - 8,8%, у 2013 годзе - 9,6%, то ў 2014 годзе - ужо 10,2%. Асноўная работа па працаўладкаванні моладзі ў вольны ад вучобы час ажыццяўляецца, як правіла, у летні час.
Напрыклад, у Мінску часовая працоўная занятасць будзе арганізавана на базе 117 устаноў адукацыі, 11 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і на базе УП "Мінскі заапарк". Дарэчы, у сталіцы ў сакавіку бягучага года работнікі камітэта па працы, занятасці сацыяльнай абароне правялі апытанне арганізацый аб патрэбнасці ў выкарыстанні працы моладзі на часовых і сезонных работах. Па выніках апытання фарміруецца пералік арганізацый, якія маюць магчымасць прыняць на часовую працу навучэнскую моладзь.
Такая работа арганізавана і ў рэгіёнах. Так, у Слуцкім раёне 100 навучэнцаў будуць праводзіць рамонт у мясцовым каледжы. Рамонтам і добраўпарадкаваннем школьнай тэрыторыі плануецца заняць 150 чалавек у Пастаўскім раёне, 24 - у Браслаўскім, 80 - у Верхнядзвінскім. У Столінскім і Івацэвіцкім раёнах 48 навучэнцаў будуць заняты пашывам пасцельнай бялізны і рамонтам агароджы ў дзіцячым садзе. У Мёрскім раёне 70 чалавек зоймуцца рамонтам кніг школьнай бібліятэкі, школьнай мэблі. Рамантаваць школьную мэблю, рэстаўраваць кнігі, добраўпарадкоўваць тэрыторыю будуць 300 навучэнцаў у Жлобінскім раёне, 200 - у Рагачоўскім, 500 - у Гомелі. 75 выхаванцаў Ваўкавыскага дзіцячага дома ў вольны ад вучобы час будуць працаўладкаваны ў шэсць бібліятэк Смаргонскага раёна для выканання работ па рамонце і аднаўленні кніжнага фонду.
Па словах спецыяліста, у Беларусі з 2006 года ў вольны ад вучобы час і падчас летніх канікул служба занятасці працаўладкоўвае каля 30 тыс. навучэнцаў у розныя бюджэтныя арганізацыі (школы, бібліятэкі і інш.). Напрыклад, у 2013 годзе аказана садзейнічанне 29,9 тыс. навучэнцаў, з іх 85% - школьнікі ва ўзросце да 18 гадоў. На гэтыя мэты выкарыстана Br27,7 млрд.
"Прыярытэтнае права на часовае працаўладкаванне прадастаўляецца моладзі з няпоўных, шматдзетных, малазабяспечаных сем'яў, а таксама непаўналетнім, якія стаяць на ўліку ў камісіях і інспекцыях па справах непаўналетніх, - праінфармавала прадстаўніца міністэрства. - За 2013 год органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў вольны ад вучобы час працаўладкаваны 1141 непаўналетні, які стаіць на ўліку ў інспекцыях і камісіях па справах непаўналетніх, а таксама на ўнутрышкольным уліку".
Работа па працаўладкаванні моладзі ажыццяўляецца ў цесным узаемадзеянні з установамі адукацыі, якія фарміруюць банкі даных навучэнцаў, жадаючых працаваць у вольны ад вучобы час. А органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне фарміруюць банкі даных аб наяўных у наймальнікаў вакансіях для часовага працаўладкавання моладзі. Служба занятасці таксама арганізуе работу па заключэнні з наймальнікамі дагавораў аб арганізацыі і фінансаванні часовай працоўнай занятасці; інфармуе навучэнцаў аб вольных працоўных месцах, аб відах работ і аб'ёмах, а таксама ўмовах іх правядзення і аплаты працы. Фінансуецца часовая занятасць са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, якія накіроўваюцца на мерапрыемствы па забеспячэнні занятасці насельніцтва. Часткова кампенсуюцца затраты бюджэтных арганізацый на набыццё спецадзення, інвентару, інструменту, матэрыялаў, бланкаў працоўных кніжак, аплату працы моладзі.
З маладымі людзьмі, накіраванымі службай занятасці ў арганізацыі для часовага працаўладкавання, наймальнікі заключаюць тэрміновыя працоўныя дагаворы. Такім чынам, на іх распаўсюджваюцца нормы Працоўнага кодэкса і заканадаўства аб ахове працы.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)