14 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па выніках вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў Беларусі няма акруг, дзе выбары могуць прайсці на безальтэрнатыўнай аснове. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. У сярэднім па краіне конкурс сярод патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты складае 4-5 чалавек на адну выбарчую акругу, сказаў Мікалай Лазавік. Ён не выключыў, што безальтэрнатыўныя акругі ў краіне могуць з'явіцца пасля заканчэння працэдуры рэгістрацыі вылучэнцаў. На дадзены момант па 2 меркаваных прэтэндэнты на месца ў беларускім парламенце зафіксавана ў 11 акругах, па тры – у 20, па чатыры – у 35, па пяць – у 17. У 12 акругах кандыдатамі ў дэпутаты жадаюць стаць па шэсць чалавек, у 10 акругах – па сем. Па восем патэнцыйных кандыдатаў на дэпутацкае крэсла ёсць у трох акругах. Акрамя таго, у Беларусі ёсць па адной акрузе, па якіх маюць намер балатавацца па 10 і па 11 чалавек. "Колькасць вылучаных кандыдатаў, натуральна, больш у буйных гарадах, менш у сельскіх раёнах", - удакладніў сакратар ЦВК. Ён прывёў таксама статыстыку вылучэння па рэгіёнах. Так, у Брэсцкай вобласці на 16 акруг вылучана 68 кандыдатаў, у Віцебскай на 14 акруг – 61 кандыдат, у Гомельскай на 17 акруг прыпадае 68 кандыдатаў, у Гродзенскай, дзе акруг 13, у акруговыя камісіі пададзены дакументы ад 42 кандыдатаў. У Мінскай вобласці на 17 акруг лічыцца 67 кандыдатаў, а ў Магілёўскай на 13 акруг – 56 кандыдатаў. У сталіцы на 20 акруг прыпадае 132 кандыдаты. Вылучэнне кандыдатаў завяршылася 13 жніўня, з 14 па 23 жніўня акруговыя выбарчыя камісіі будуць праводзіць іх рэгістрацыю. Дзень выбараў прызначаны на 23 верасня 2012 года.

БЕЛТА