У Беларусі на 1 красавіка бягучага года на ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва стаяла 89 964 сем'і з трыма і больш непаўналетнімі дзецьмі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
У Беларусі на 1 красавіка бягучага года на ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва стаяла 89 964 сем'і з трыма і больш непаўналетнімі дзецьмі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
15 мая Беларусь разам з іншымі дзяржавамі адзначае Міжнародны дзень сям'і. Гэтае свята заклікана прыцягнуць увагу да пытанняў сям'і, яе каштоўнасці для ўстойлівага развіцця грамадства.
У мінулым годзе ў краіне нарадзіліся 117,8 тыс. дзяцей, з іх 48,5 тыс. (41,2%) - першынцы. Доля дзяцей, народжаных другімі, у агульнай колькасці народжаных павялічылася з 36,1% у 2010 годзе да 39,9% у 2016 годзе, трэцімі і наступнымі - з 11,6% да 18,9%.
Паводле даных перапісу насельніцтва, у рэспубліцы пражываюць каля 2,7 млн сем'яў, з іх 1,2 млн (амаль 45%) маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. На 1 студзеня 2017 года колькасць насельніцтва рэспублікі склала 9 504,7 тыс. чалавек, з іх 4 425,5 мужчын і 5 078,2 жанчын. Дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў налічвалася 2 785,4 тыс.
Для рэспублікі характэрна тэндэнцыя павелічэння сярэдняга ўзросту жанчын пры ўступленні ў першы шлюб і нараджэнні дзіцяці. Калі ў 2000 годзе ўпершыню ўступалі ў шлюб жанчыны ва ўзросце 22,8 года, мужчыны - 25 гадоў, то ў 2016 годзе сярэдні ўзрост жанчын, якія ўступілі ў першы шлюб, склаў 25,6 года, мужчын - 27,8 года. Сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні дзіцяці ў 2016 годзе склаў 28,9 года, пры нараджэнні першага дзіцяці - 26,3 года (у 2000 годзе - 25,6 і 23,3 года адпаведна).
Назіраецца некаторае зніжэнне колькасці разводаў пры адначасовым памяншэнні колькасці заключаных шлюбаў. У 2016 годзе было заключана 64,5 тыс. шлюбаў (у 2015 годзе - 82 тыс.), зарэгістравана 32,6 тыс. разводаў (у 2015-м - 32,9 тыс.). Каэфіцыент шлюбнасці склаў 6,8 на 1000 жыхароў, каэфіцыент разводаў - 3,4.
Паводле даных Беластата, аб умацаванні шлюбна-сямейных адносін сведчыць павелічэнне нараджэння дзяцей у жанчын, якія знаходзяцца ў зарэгістраваным шлюбе (у 2016 годзе - 86,7%, у 2010 годзе - 80,4%).