Запушчаны адкрыты для інтэрнэт-карыстальнікаў Геаінфармацыйны рэсурс даных дыстанцыйнага зандавання Зямлі (ДЗЗ) на тэрыторыю Беларусі, які з'яўляецца аналагам рэсурсу Google Maps.

Запушчаны адкрыты для інтэрнэт-карыстальнікаў Геаінфармацыйны рэсурс даных дыстанцыйнага зандавання Зямлі (ДЗЗ) на тэрыторыю Беларусі, які з'яўляецца аналагам рэсурсу Google Maps. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны інжынер дзяржаўнага прадпрыемства "БелПСХАГІ" Дзяржкаммаёмасці Віталь Галавачоў падчас выстаўкі "ТИБО-2018".

Рэсурс размешчаны па адрасе dzz.by/izuchdzz. "Гэта новы рэсурс, запусцілі яго пару дзён таму. Любы інтэрнэт-карыстальнік можа зайсці на сайт і паглядзець, якія звесткі аб даных ДЗЗ на тэрыторыю Беларусі прадстаўлены, убачыць сваю вёску, горад, вуліцу, як у Google Maps. На гэтай пляцоўцы будуць сабраны ўсе тры тыпы даных, атрыманых з дапамогай касмічнай здымкі, пілатуемай і беспілотнай авіяцыі. У аснову пакладзены даныя высокадакладнай пілатуемай авіяцыі", - сказаў Віталь Галавачоў.

Ён падкрэсліў, што рэсурс прадастаўляе інфармацыю з высокай геадэзічнай дакладнасцю. Гэтыя даныя ўжо выкарыстоўвае Нацыянальнае кадастравае агенцтва Дзяржкаммаёмасці ў рэгістры кошту зямель, зямельных участкаў. Сфера прымянення даных ДЗЗ шырокая: сельскагаспадарчая вытворчасць, землеўпарадкаванне, картаграфія, лесапарадкаванне і г.д.

Здымку мясцовасці з дапамогай беспілотнага лятальнага апарата прадпрыемства Дзяржкаммаёмасць пачало ў мінулым месяцы. Ужо зняты тэрыторыі Дзяржынска і Крычава. Беспілотнік "Геаскан 201" зарэгістраваны ў рэестры авіяцыі Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта.

Віталь Галавачоў адзначыў, што аэрафотаздымачнае прадпрыемства выйшла на пяцігадовы цыкл абнаўлення даных ДЗЗ. Інфармацыя па некаторых гарадах будзе абнаўляцца штогод.

Прэзентацыя новага інтэрнэт-рэсурсу арганізавана на цэнтральнай экспазіцыі "ІТ-краіна Беларусь". У выстаўцы "ТИБО" возьмуць удзел больш за 100 кампаній, якія прадстаўляюць прадукцыю з 15 краін (Беларусь, Азербайджан, Арменія, Вялікабрытанія, Егіпет, Казахстан, Кыргызстан, Кітай, Літва, Польшча, Расія, ЗША, Турцыя, Украіна, Японія).

Навіны Беларусі (БЕЛТА)