1 верасня, Жабінка /Вольга Кобяк - БЕЛТА/. У Беларусі атрымае развіццё бульбаперапрацоўчая галіна. Пра гэта сёння журналістам падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Розніца ў кошце бульбы з поля і перапрацаванага прадукту ў 25 разоў", - адзначыў прэм'ер. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што ў наступныя гады неабходна акцэнтаваць увагу на вытворчасці розных сартоў бульбы, арыентаваных на той ці іншы спосаб перапрацоўкі, адкрыць уласныя перапрацоўчыя прадпрыемствы, якія дадуць больш даходу, чым простая рэалізацыя клубняў.
Па словах Сяргея Сідорскага, за мінулыя шэсць гадоў зроблена вялікая праца ў галіне бульбаводства. Калі да 2004 года гэтая галіна была стратнай, то сёння Беларусь мае і новыя сарты бульбы, а таксама аб'ём, які дазваляе не толькі задаволіць патрэбы краіны, але і экспартаваць бульбу. На сённяшні дзень ужо 51 прадпрыемства займаецца буйнатаварнай вытворчасцю бульбы, каля 17 прадпрыемстваў адпрацоўваюць з Нацыянальнай акадэміяй навук насенняводчыя пытанні.
У Брэсцкай вобласці прэм'ер-міністр наведаў адно з вядучых бульбаводчых прадпрыемстваў рэгіёну СПК "Агра-Моталь" Іванаўскага раёна, дзе наладжаны поўны цыкл работы з бульбай - ад вырошчвання да перапрацоўкі. Гэта сельгаспрадпрыемства з'яўляецца базавым па вытворчасці насення бульбы ў сваім рэгіёне.-0-
БЕЛТА
У Беларусі атрымае развіццё перапрацоўка бульбы
1.9.20100 праглядаў