26 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі павышаны гранічныя максімальныя адпускныя цэны на хлебабулачныя і малочныя прадукты. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Міністэрства эканомікі №86 ад 18 кастрычніка 2012 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле сувязяў з грамадскасцю Мінэканомікі. Дакумент уносіць змяненні і дапаўненні ў пастанову Міністэрства эканомікі Беларусі №35 ад 26 красавіка 2012 года. Пастанова №86 прадугледжвае магчымасць павышэння арганізацыямі-вытворцамі ў кастрычніку 2012 года адпускных цэн на высокатлустыя віды малака, кефіру, смятаны, тварагу, а таксама на аналагічныя малочныя прадукты з араматычнымі дабаўкамі і напаўняльнікамі на 4%. У Мінэканомікі нагадалі, што ў красавіку 2012 года пастановай міністэрства №35 было прынята рашэнне аб неперавышэнні малочнымі арганізацыямі на названыя вышэй прадукты ўзроўню адпускных цэн, устаноўленых па стане на 29 красавіка 2012 года. У жніўні і верасні 2012 года згодна з пастановай Мінэканомікі №68 ад 31 чэрвеня 2012 года арганізацыі-вытворцы атрымалі магчымасць павысіць узровень адпускных цэн на гэтыя прадукты на 4% у месяц. Што тычыцца нізкатлустых відаў малочных прадуктаў, роўна як і малочных прадуктаў без дабавак і напаўняльнікаў, то іх вытворчасць у цяперашні час практычна спынілася ў сувязі з стратнасцю, адзначылі ў Мінэканомікі. Каб скараціць розніцу ва ўзроўні цэн на розныя малочныя прадукты і зацікавіць вытворцаў у павелічэнні выпуску такой прадукцыі, гранічныя максімальныя адпускныя цэны на малако і кефір тлустасцю да 3,5%, смятану тлустасцю да 25%, тварог тлустасцю да 9% без араматычных дабавак і напаўняльнікаў павышаюцца на 35%. Таксама ў мэтах кампенсацыі падаражэння кошту збожневай сыравіны, скарачэння стратнасці вытворчасці і насычэння спажывецкага рынку сацыяльна значнымі відамі хлеба і хлебабулачных вырабаў (хлеб жытні і жытнёва-пшанічны без дадатковай замежнай сыравіны, булачныя вырабы з пшанічнай мукі з утрыманнем цукру і тлушчаў не больш за 14% у суме) павышаюцца гранічныя максімальныя адпускныя цэны на хлеб і батоны на 10%, на іншыя віды хлебабулачнай прадукцыі - на 3%. Пастанова Мінэканомікі №86 уступае ў сілу з 27 кастрычніка 2012 года.-0-

БЕЛТА