1 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. РУП "Белпошта" павысіла на 50% тарыфы па перасылцы міжнароднай пісьмовай карэспандэнцыі (паштовых картак, лістоў, бандэроляў, дробных пакетаў). Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў РУП "Белпошта". Акрамя таго, з 1 лістапада на 20% павысіліся тарыфы на адпраўленні міжнародных пасылак, на 35% - тарыфы на паслугі паскоранай пошты EMS. Што тычыцца тарыфаў на ўнутрырэспубліканскія паштовыя адпраўленні, то яны ў сярэднім павялічыліся на 5%. РУП "Белпошта" уяўляе сабой адзіны вытворча-тэхналагічны комплекс, які ўключае 6 абласных філіялаў, філіял "Вузел спецыяльнай сувязі", вытворчасць "Мінская пошта" і аўтатранспартную вытворчасць. "Белпошта" штодня перасылае 650 тыс. лістоў, 10 тыс. пасылак, прымае 500 тыс. плацяжоў і 23,5 тыс. грашовых пераводаў. Штодня супрацоўнікамі паштовай сувязі распаўсюджваецца 1,2 млн. экзэмпляраў друкаваных сродкаў масавай інфармацыі.-0-

БЕЛТА