У Беларусі прапануецца пашырыць паўнамоцтвы Саветаў дэпутатаў у працы з невыкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасцю. Пра гэта паведаміў першы намеснік прэм'ер-міністра, старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва Аляксандр Турчын у эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
Наступнае пасяджэнне Савета па развіцці прадпрымальніцтва пройдзе 12 чэрвеня. На пытанне, што ўвойдзе ў парадак дня пасяджэння, якія ініцыятывы будуць абмяркоўвацца, Аляксандр Турчын адказаў: "Па маёмасным пытанням, асабліва нерухомая маёмасць, арэнда зямельнага ўчастка, прапануем даваць больш паўнамоцтваў Саветам дэпутатаў. Калі ёсць нейкі невыкарыстоўваны будынак, дэпутаты могуць ацаніць, паглядзець і прыняць рашэнне - прадаць за базавую велічыню, з аўкцыёну або перадаць бязвыплатна".
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 мая падпісаў указ №173 "Аб удасканаленні дзейнасці Савета па развіцці прадпрымальніцтва". Дакумент накіраваны на павышэнне эфектыўнасці працы гэтага органа і прыцягненне дзелавой супольнасці да працэсаў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы эканомікі. Савет надзяляецца правам уносіць у дзяржаўныя органы і арганізацыі прапановы па ўдасканаленні як нарматыўных прававых актаў, так і практыкі іх прымянення. Акрамя таго, указам абноўлены персанальны склад Савета па развіцці прадпрымальніцтва. У яго ўключаны кіраўнікі і ўладальнікі розных прадпрыемстваў краіны. У сваю чаргу прадстаўнікі іншых прадпрымальніцкіх саюзаў (асацыяцый) атрымаюць статус афіцыйных партнёраў, які дасць ім магчымасць прымаць удзел у працы савета і выконваць іншыя функцыі. "Першапачаткова нашай мэтай было крыху звузіць склад савета. Прычына простая: чым больш людзей, тым складаней збірацца. Мы сустрэліся з прадстаўнікамі найбуйнейшых бізнес-саюзаў і прапанавалі два варыянты развіцця падзей: ратацыя або статус афіцыйных партнёраў савета. Іх рашэннем было, што ўсе будуць афіцыйнымі партнёрамі, каб былі роўныя ўмовы", - растлумачыў першы віцэ-прэм'ер.