У Беларусі прапануецца пашырыць магчымасці выкарыстання электронных грошай. Адпаведны праект пастановы Савета Міністраў і Нацыянальнага банка вынесены на грамадскае абмеркаванне на Прававым форуме Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
Нормамі праекта пастановы прадугледжваецца пашырэнне магчымасці выкарыстання плацежных інструментаў і электронных грошай пры безнаяўных разліках за набытыя тавары (работы, паслугі).
У абгрунтаванні да праекта пастановы адзначаецца, што ў Беларусі створаны прававыя ўмовы для здзяйснення аперацый з электроннымі грашыма. Аднак на практыцы выкарыстанне такога сродку плацяжу пры набыцці тавараў, работ, паслуг не атрымала шырокага распаўсюджвання, хоць дадзены сродак плацяжу мае шэраг пераваг у параўнанні з безнаяўнымі грашовымі сродкамі.
Прадугледжваецца, што сістэма разлікаў з выкарыстаннем электронных грошай дазволіць пакупнікам праводзіць разлікі з суб'ектамі гаспадарання за набытыя тавары без выкарыстання банкаўскай плацежнай карткі. Рэгістрацыя фізічнай асобы ў сістэме разлікаў з выкарыстаннем электронных грошай будзе праводзіцца з дапамогай аўтэнтыфікацыі ў міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі.
Выкарыстанне такога механізму мае наступныя перавагі: няма неабходнасці адлічэнняў замежным плацежным сістэмам Visa, MasterCard і інш.; кошт інфраструктуры для ажыццяўлення плацяжоў з дапамогай электронных грошай у некалькі разоў ніжэй у параўнанні з інфраструктурай для аплаты з дапамогай банкаўскіх картак; кошт камісіі ніжэй у параўнанні з камісіяй за плацяжы банкаўскімі карткамі.
Арганізатар грамадскага абмеркавання - Міністэрства па падатках і зборах. Заўвагі і прапановы можна выказаць у спецыяльнай тэме на Прававым форуме Беларусі або накіраваць арганізатару грамадскага абмеркавання з 11 па 21 верасня ўключна на электронны адрас: 202_3@nalog.gov.by з паметкай "Абмеркаванне праекта пастановы".-0-