У Беларусі павінна праводзіцца дзейсная дзяржаўная антынаркатычная палітыка. Пра гэта 4 снежня заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях процідзеяння незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
У Беларусі павінна праводзіцца дзейсная дзяржаўная антынаркатычная палітыка. Пра гэта 4 снежня заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях процідзеяння незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы заклікаў падыходзіць да пытанняў барацьбы з незаконным абаротам наркатычных сродкаў менавіта з комплексных, агульнадзяржаўных, а не вузкаведамасных пазіцый. "Галоўныя мэты гэтай задачы - не дапусціць наркатызацыі насельніцтва і рашуча спыніць нарказлачыннасць. На шчасце, мы гэта яшчэ можам зрабіць і, павінен вам сказаць, без асаблівага напружання. Механізмы дзяржаўнай улады, яе структура, падыходы дазваляюць нам вырашыць гэту праблему", - лічыць беларускі лідар.
Пры гэтым у барацьбе з наркаманіяй недапушчальная бюракратычная цяганіна, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Прэзідэнт сярод іншага пацікавіўся, ці дастаткова паўнамоцтваў у барацьбе з наркаманіяй і незаконным абаротам наркотыкаў у міжведамаснага савета, створанага пры ўрадзе. "Мяне гэтыя камісіі, якія вы прапануеце ствараць і новыя саветы над міністрам і тымі, хто змагаецца з наркотыкамі, проста прыгнятаюць. Навошта вы гэта робіце, незразумела. Для таго, каб зацягнуць, замазаць праблему? Бо любая камісія і савет - што яны даюць?" - сказаў кіраўнік дзяржавы.
У Беларусі ёсць спецыялісты, якія непасрэдна вядуць барацьбу з распаўсюджваннем наркотыкаў. "Ёсць у нас людзі, якія на падставе закона змагаюцца з гэтай заразай - і не толькі закона, а нормаў маралі, унутранага свайго пераканання. Ёсць міністр, які за гэта адказвае, ёсць следчыя, пракуроры і іншыя, суддзі, якія вядуць судовы працэс. Што яшчэ трэба, я гэтага ніяк не магу зразумець", - адзначыў Прэзідэнт.
На яго думку, вопыт паказвае, што наяўнасць шматлікіх саветаў і камісій нярэдка ўскладняе працу, пазбаўляе ініцыятывы тых, хто заняты ў сферы барацьбы з наркотыкамі. "Той, хто павінен вырашаць праблему, будзе глядзець на савет і камісію, што яна скажа, якія рашэнні прыме. А савет і камісія будуць месяцамі даваць адказы тым, хто глядзіць наверх. І мы забюракратызуем любы працэс. Трэба нам гэта ці не трэба, вы павінны адказаць на гэтае пытанне. Хопіць ужо раіцца", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прапанаваў узмацніць пакаранні за злачынствы ў наркатычнай сферы, унёсшы папраўкі ў цяперашняе заканадаўства. "Для асабліва адзначыўшыхся ў гэтай сферы - гадоў 20-25 яны павінны атрымаць. Тыя, хто менш адзначыўся, натуральна, менш. Скажыце, што гэта за градацыя, якія гэта павінны быць тэрміны, мы запішам гэта ў закон. Дэпутаты нас падтрымаюць", - сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для злачынцаў у наркасферы неабходна ствараць максімальна жорсткія ўмовы ў месцах пазбаўлення волі. "Для іх трэба стварыць невыносныя ўмовы ў месцах адбыцця гэтых тэрмінаў. Я не думаю, што іх у нас вельмі шмат, каб ствараць ім асобную калонію. Але калі шмат, давайце адну з калоній аддамо для гэтага. Тым больш што мы напалову скарацілі зняволеных у месцах пазбаўлення волі, калоній хапае сёння. Калі ў нас не хапае такіх людзей, давайце створым адно падраздзяленне, казарму ці яшчэ што-то. Усталюем ім такі рэжым, каб яны, седзячы ў гэтай калоніі, прама скажу, смерці прасілі. Тое ж самае і для распаўсюджвальнікаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Што тычыцца тых, хто прыстрасціўся да ўжывання наркотыкаў, то іх трэба лячыць. "Так, іх шкада. З аднаго боку трэба лячыць, але не ў бальніцы, там, дзе нармальныя людзі лечацца, а ў такіх жа прафілакторыях, каб не было часу думаць пра што-небудзь, акрамя сну і працы. А то ў нас некаторыя ў турму ходзяць па 10-15 разоў, як у дамы адпачынку", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што яму нядаўна было даложана аб двух фактах спынення цэлай наркаструктуры, у якой былі задзейнічаны не толькі вытворцы, але і распаўсюджвальнікі наркотыкаў. "Нашы людзі ў міліцыі ведаюць іх у твар, яны павінны сказаць, што да гэтай катэгорыі грамадзян мы павінны прымяніць, якія меры, каб паставіць іх на месца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, трэба прадумаць меры ўздзеяння на наркаспажыўцоў. "Што трэба зрабіць для таго, каб гэты спажывец баяўся глядзець у бок наркотыкаў? На мой погляд, гэта галоўнае ў ланцугу. Вось вы і скажыце, мы гэта ў закон запішам і зробім усё неабходнае, каб ён дзейнічаў", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
На нарадзе абмяркоўвалася ўдасканаленне нарматыўна-прававой базы, якая дазволіла б больш аператыўна і дзейсна змагацца з наркапагрозай. "Але калі зыходзіць з практыкі працы міліцыі і іншых праваахоўных органаў, то галовы, як качанятам, можна было завярнуць ужо даўно некаторым, не спасылаючыся на тое, што не хапае нейкай нарматыўна-прававой базы. А то мы глядзім, як гінуць людзі, і разводзім рукамі - нічога зрабіць, бачыце, не можам", - абурыўся Прэзідэнт.
Кіраўніку дзяржавы быў прадстаўлены праект адпаведнага закона. Прэзідэнта цікавіла, наколькі меры па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў, у тым ліку прапанаваныя новым заканадаўчым актам, носяць комплексны характар і забяспечваюць процідзеянне ўсяму магчымаму спектру пагроз, ці дазваляюць прапанаваныя меры аператыўна рэагаваць і спыняць любыя выкруты з боку наркагандляроў і вытворцаў наркотыкаў. "Наколькі адэкватна мы можам паставіць заслон арганізатарам злачыннай дзейнасці і ці дапаможа ў гэтым законапраект?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што ў студзені гэтага года быў выдадзены дэкрэт, які забяспечвае комплекснае процідзеянне абароту опіумнага маку, што дазволіла скараціць яго ўжыванне. "Удалося яго скараціць - тут жа вылезла праблема са спайсамі. Што далей? Ці вырашае гэту праблему цяперашні законапраект, наколькі сёння мы можам выразна спрагназаваць і папярэдзіць магчымыя новыя наркапагрозы ў найбліжэйшай перспектыве, ці дастаткова ў нас сіл і сродкаў? Напрыклад, ці ўмеем мы змагацца са схемамі распаўсюджвання наркотыкаў, якія прадугледжваюць шырокае выкарыстанне сеткі інтэрнэт?" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, кіраўніка дзяржавы цікавіла, якія змены ў заканадаўстве прадугледжваюцца ў дачыненні да тых, хто спажывае наркотыкі, як вярнуць такіх людзей да нармальнага жыцця. "Калі прыняцце новага закона здольна ўскалыхнуць і актывізаваць працу ўсіх звёнаў сістэмы, каб яна дзейнічала рэзультатыўна, што ж, давайце прымаць гэты закон", - сказаў Прэзідэнт.
Асаблівую занепакоенасць выклікае той факт, што кантынгент спажыўцоў наркотыкаў у Беларусі маладзее, у яго ўваходзяць школьнікі, навучэнцы ПТВ, студэнты і іншыя катэгорыі моладзі. Павялічылася колькасць спажыўцоў курыльных сумесяў. За два гады зарэгістравана больш за тысячу выпадкаў перадазіроўкі спайсамі, 25 чалавек загінула. "Гэта гора сям'і, дзяржавы і пагроза геннафонду нацыі", - падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на нядаўняй сустрэчы са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка гэтая праблема таксама закраналася.
"Тады я паабяцаў, што мы аб'яднаем усе намаганні для вырашэння такой стратэгічнай задачы, як фарміраванне працавітай, адукаванай, здаровай нацыі. Было сказана, якую небяспеку ўяўляюць алкагалізм і наркаманія. Гэта не проста бяда асобных апушчаных людзей, гэта сур'ёзны выклік сапраўднаму і будучаму нашага грамадства і дзяржавы. І гэтая пагроза датычыцца абсалютна ўсіх, і ў тым ліку прысутных за гэтым сталом, таму што ў кожнага ёсць дзеці і ўнукі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Сучасным бар'ерам на шляху распаўсюджвання наркотыкаў павінна стаць татальнае непрыманне іх грамадствам. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў краіне павінна быць выбудавана дакладная іерархія, якая вызначае не толькі галоўнае ведамства, адказнае за гэта кірунак, але і паўнамоцтвы ўсіх адказных дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. "Лішняга нічога пры гэтым быць не павінна. Сучасным бар'ерам на шляху распаўсюджвання наркотыкаў павінна стаць татальнае непрыманне іх грамадствам. Фарміраванне адпаведнага светапогляду, заснаванага на традыцыйных для нашай краіны хрысціянскіх і іншых каштоўнасцях, - задача не толькі дзяржавы і сродкаў масавай інфармацыі, але і грамадскіх арганізацый, царквы, устаноў адукацыі і, самае галоўнае, сем'яў і грамадзян", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Тады ў спалучэнні з карнымі мерамі можна будзе дасягнуць неабходнага эфекту.
Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч выказаў шэраг прапаноў, накіраваных на своечасовае рэагаванне і выпрацоўку адэкватных адказных мер на новыя тэндэнцыі нарказлачыннасці.
У прыватнасці, праектам закона прадугледжана ўзмацненне крымінальнай адказнасці за збыт псіхаактыўных рэчываў непаўналетнім і за выраб наркотыкаў і псіхатропаў ва ўмовах наркалабараторый. Таксама Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях плануецца дапоўніць нормай, якая прадугледжвае адказнасць за знаходжанне ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў без прызначэння лекара. Узмацняецца адказнасць за спажыванне наркатычных сродкаў у грамадскім месцы. Закон аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах, іх прэкурсорах і аналагах дапаўняецца палажэннямі, якія дазваляюць забараняць абарот новых наркотыкаў, пераважна псіхатропаў, на працягу максімум аднаго тыдня. Па словах міністра, пры прыняцці гэтага закона з'явіцца магчымасць аператыўна ўносіць у адпаведныя спісы зноў выяўленыя рэчывы, якія эксперты такімі прызнаюць. Ігар Шуневіч звярнуў увагу на тое, што такога прэцэдэнту няма ні ў адной краіне. У заканадаўства ўводзіцца тэрмін - базавая структура хімічнага рэчыва. Гэта дазволіць аўтаматычна забараніць абарот да 96% новых рэчываў, якія пастаянна з'яўляюцца на наркарынку, пераважна спайсаў.
На думку МУС, мэтазгодна заканадаўча замацаваць стварэнне і функцыянаванне адзінага цэнтралізаванага ўліку нарказалежных асоб у органах аховы здароўя, што дазволіць выключыць зняцце з уліку наркалагічнай службы нарказалежных асоб у сувязі са зменай імі месца жыхарства або накіраваннем у месцы пазбаўлення волі ў сувязі з асуджэннем.
МУС таксама лічыць, што прыйшоў час стварэння лячэбна-працоўных прафілакторыяў для хворых на наркаманію.
Акрамя таго, назрела вострая неабходнасць карэкціроўкі заканадаўства, звязанага з інтэрнэт-дзейнасцю. У прыватнасці, на яго думку, патрабуецца забарона доступу ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў да сайтаў, уключаных у спіс абмежаванага доступу. Акрамя таго, МУС лічыць неабходным прапрацаваць пытанне аб забароне стварэння электронных кашалькоў у электронных плацежных сістэмах, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі, без рэгістрацыі поўных установачных даных уладальнікаў у банкаўскіх установах. "Існуючая сёння працяглая працэдура ўстанаўлення органамі ўнутраных спраў неабходных даных на прадпрыемствах сувязі і ў банках, а гэта займае ад 20 да 30 дзён, істотна павялічвае шансы злачынцаў застацца неўстаноўленымі, здзейсніць шэраг асабліва цяжкіх злачынстваў, схаваць іх сляды або пазбегнуць адказнасці", - сказаў міністр.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што МУС варта надзяліць правам аператыўна атрымліваць неабходную інфармацыю. "Не кожны павінен мець на гэта права. Павінен мець права кіраўнік падраздзялення, каб мы маглі потым, прааналізаваўшы пракуратурай, яшчэ кімсьці, спытаць: а навошта табе патрэбна была гэтая інфармацыя? Ты яе атрымаў, а які вынік ад гэтай інфармацыі? Таму што вы ж разумееце, што і міліцыя неаднародная, як і наша грамадства, незразумела навошта яны будуць запытваць падобную канфідэнцыйную інфармацыю. Таму трэба даць гэта права міністру і кіраўнікам падраздзяленняў. Да яго прыйдзе непасрэдны выканаўца, ён палічыць патрэбным запытаць інфармацыю - запытаў, банк неадкладна павінен даць! Вызначце тэрмін - суткі ці некалькі гадзін. Калі яны гэтага не зрабілі, спытаем з банкіраў на ўсю моц", - адзначыў Прэзідэнт.
"Самая дэмакратычная краіна ў свеце" Злучаныя Штаты Амерыкі - вы ведаеце, якая там дэмакратыя, калі тычыцца бяспекі грамадзян і іншых пытанняў, яны не ўпрыгожваюцца: стрэльбу ў руку і пайшоў. Цацачны пісталет хлапчук падняў - застрэлілі, не размаўляючы. І паспрабуй паліцэйскага за гэта папракнуць! Такі закон. А мы, бачыце, дэмакраты, інтэрнэт махлярам нейкім зачынім або інфармацыю банк не дасць, спасылаючыся на банкаўскую таямніцу. Што за лухта!" - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Так, для банкаў, магчыма, гэта нейкія пагаршэнні, недаатрыманне грошай ад гэтай наркоты на рахунках, дэпазітах і гэтак далей. Але мы ж вырашаем больш сур'ёзную праблему. Нам такія грошы не патрэбныя", - дадаў Прэзідэнт.
"Што гэта за брыдота?! У пасылках нам наркотыкі дасылаюць, а мы, бачыце, меры прыняць не можам! Неадкладна разам з калегамі сядзьце і рубніце на ўсю моц!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да міністра.
Прэзідэнт надзяліў Міністэрства ўнутраных спраў абсалютнымі паўнамоцтвамі па каардынацыі барацьбы з наркатыкамі.
"З заўтрашняга дня вы будзеце прымаць рашэнні, і ў частцы барацьбы з наркатыкамі яны будуць абавязковымі для ўсіх, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Ігара Шуневіча. - Калі вы мне напішыце ліст па падключэнні Прэзідэнта да гэтага пытання, ён будзе і для мяне абавязковым. Толькі так мы можам з чымсьці справіцца".
"Даў міністр указанні, якія тычацца гэтай тэмы, - неадкладна павінны Мінздароўя, Мінадукацыі ці іншыя гэта выконваць, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Што тычыцца тэмы наркатыкаў, ваша рашэнне - закон для ўсіх. Яно будзе нараджацца не вамі ў кабінеце, а будзе ісці ад палкоўнікаў і маёраў, якія непасрэдна змагаюцца з гэтай заразай".
"Найсур'ёзнейшае становішча, ідзе вайна, - адзначыў Прэзідэнт. - Звычайныя міліцыянеры скардзяцца: развяжыце нам рукі, мы вам пакажам, як трэба з імі змагацца. А мы, як злачынцы, стрымліваем гэты працэс, і не толькі наўмысна, проста мы лічым, што гэта неважна. Важна!"
"У кожнага ёсць малыя дзеці і ўнукі. І невядома, дзе яны апынуцца. І дзетак ад чыноўнікаў і іншых крутых не менш, чым ад простых людзей, якія паліваюць, папіваюць і ўжываюць наркатыкі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаў незадаволенасць недастатковай працай Міністэрства адукацыі па тлумачэнні шкоды наркатыкаў.
"Мы не тое, што недапрацоўваем, мы ні чорта не робім! Ні ў школе - нідзе па-сапраўднаму не займаемся. У лепшым выпадку - абавязак нейкі: скажуць, што наркатыкі - гэта дрэнна. У кожнай школе трэба, як калісьці ў савецкія часы з туберкулёзам змагаліся: вось страшныя лёгкія туберкулёзніка, ідзіце і глядзіце, да чаго гэта прывядзе. Псіхіка дзіцяці ў школе ўспрымальная, яна назаўжды запомніць гэта. Але трэба ім паказваць гэты страх, да чаго гэта прыводзіць, здымкі, фільмы", - лічыць Прэзідэнт. "Тое ж самае і ў Міністэрстве аховы здароўя", - дадаў ён.
"Самае страшнае злачынства, што наркаман нараджае сабе падобных, - працягнуў кіраўнік дзяржавы. - Сёння напіўся, накурыўся, яна таксама, заўтра нарадзілі і прынеслі Прэзідэнту ці міністру на рукі: на, выхоўвай. І нам лепш яго забраць з гэтай сям'і, чым яны выхаваюць. Каго выхаваюць, зразумела. Гэта, па-першае, хворы на 100% чалавек і будучы, магчыма, наркаман, а па-другое, злачынца. Таму на пытанне глыбей трэба глядзець: генафонд нацыі руйнуем. Хто дзяцей будзе нараджаць? І якія дзеці народзяцца ад такіх?"
"Таму тут не павінна быць ніякага даравання! Вельмі небяспечная, вельмі сур'ёзная праблема, найважнейшая. І самае галоўнае - мала ад нас залежная. Я не думаю, што ў Беларусі, як самагон гоняць, так спайсы гэтыя ў лабараторыях вырабляюць. Нам будуць дасылаць, прывозіць, проста, перасякаючы Беларусь, пакінуць і так далей. Мы павінны супраць гэтага змагацца. Але ў нас жа нармальная ўлада і грамадства адукаванае. І мы гэта можам сёння зрабіць. Нельга ўпусціць гэты працэс", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Паглядзіце: Нарвегія, Швейцарыя ў рэйтынгах па дабрабыце першыя радкі займаюць, самыя цудоўныя краіны, куды імкнуцца ехаць жыць. А ў іх з 10-11 гадоў наркаманія ўжо. У той жа Нарвегіі 11-12 гадоў - наркаманы дзеці. Нам нельга скаціцца да гэтага. Усе павінны ўстрыпенуцца і заняцца гэтымі праблемамі: і Мінздароўя, і Мінадукацыі", - сказаў Прэзідэнт.
"Гэтая праблема будзе пастаянна ў мяне на кантролі. І не дай бог хтосьці з прысутных на нарадзе ці вашых падначаленых заўтра-паслязаўтра мне скажа, што мы нібыта недагледзелі і, змаладушыўшыся, не прынялі больш жорсткіх мер", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Старшыня Следчага камітэта Валянцін Шаеў прапанаваў увесці і ўзмацніць крымінальную адказнасць за збыт наркотыкаў, калі чалавек, які іх ужыў, пасля гэтага памёр.
Валянцін Шаеў звярнуў увагу на распаўсюджванне фактаў збыту псіхатропных рэчываў асобамі, якія не дасягнулі 16 гадоў. У сувязі з гэтым СК прапануе знізіць узрост наступлення крымінальнай адказнасці за збыт наркотыкаў з 16 да 14 гадоў.
Следчы камітэт выступіў з прапановамі і ў частцы працы з наркаспажыўцамі. Так, стымулам для добраахвотнага лячэння ад наркатычнай залежнасці можа стаць крымінальная адказнасць за спажыванне наркатычных сродкаў, здзейсненае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж дзеянні. Акрамя таго, СК прапануе заканадаўча замацаваць магчымасць прымусовага медыцынскага агляду на наяўнасць наркатычнага ап'янення. На дадзены момант для прымусовага агляду наркамана, па сутнасці, няма ні прапрацаваных механізмаў, ні законных падстаў, канстатаваў Валянцін Шаеў.
У Следчым камітэце таксама лічаць, што для каардынацыі барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў трэба выпрацаваць доўгатэрміновую стратэгію адпаведнай дзяржаўнай палітыкі і зацвердзіць яе на ўзроўні акта кіраўніка дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэтыя прапановы. "Трэба знізіць узрост - зніжайце. А ў плане агляду - наогул дзіўна. Гэта даўно трэба было зрабіць!" - сказаў Прэзідэнт.
Свае меркаванні і прапановы, накіраваныя на ўзмацненне барацьбы з распаўсюджваннем наркотыкаў, выказалі таксама старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і барацьбе з гандлем людзьмі МУС Васіль Лосіч і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Падводзячы вынікі нарады, Прэзідэнт выказаў меркаванне ўнесці ўсе агучаныя прапановы і аформіць як дэкрэт кіраўніка дзяржавы, каб надаць асаблівае гучанне праблеме і аператыўнасць пры яе вырашэнні. "Магчыма, будзе хутчэй і эфектыўней прыняць дэкрэт Прэзідэнта з гэтымі жорсткімі нормамі. Натуральна, у далейшым парламент унясе адпаведныя змены і дапаўненні ў закон", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама даручыў давесці ў далейшым усе нормы дэкрэта да грамадства.
Прэзідэнт лічыць, што для нарказлачынцаў неабходна стварыць асобную калонію з вельмі жорсткімі ўмовамі ўтрымання.
Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Калі сёння той, хто прывозіць і збывае наркотыкі і іншае, будзе ведаць, што трапіць у гэтую "драконаўскую" калонію, яго гэта не менш будзе стрымліваць, чым тое, што ён проста будзе асуджаны. Гэта забойца, які прыносіць у грамадства павольную смерць праз наркотыкі".
Што тычыцца наркаспажыўцоў, то, на думку Аляксандра Лукашэнкі, стварыўшы для іх ЛПП, галоўным метадам лячэння павінны стаць найцяжэйшыя ўмовы ўтрымання.
"І мы павінны выяўляць асноўныя звёны. Не стралочнікаў, а тых, хто вырабляе і завозіць сюды з мэтай збыту наркотыкі, наркадылераў, - адзначыў Прэзідэнт. - Будзе іх менш - будзе і наркаспажыўцоў менш. На гэта трэба звярнуць асаблівую ўвагу, каб мы арыентавалі нашых змагароў з гэтай страшнай пагрозай менавіта на выяўленне асноўных звёнаў: наркавытворцаў і наркадылераў. І літасці для іх быць не павінна!"
"Гэтая пагроза ва ўсім свеце нарастае і ў нас таксама будзе нарастаць. Таму калі мы дзесьці наперад зайдзем і прымем прэвентыўныя меры, я думаю, у гэтым нічога страшнага няма", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Навіны Беларусі (БЕЛТА)