IT-ВНУ павінны стварыць у Беларусі да новага навучальнага года. Пра гэта паведаміў сёння журналістам першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы па асобных пытаннях развіцця краіны ў лічбавай сферы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Нарада стала працягам сустрэчы Прэзідэнта з прадстаўнікамі IT-сферы ў Парку высокіх тэхналогій, якая прайшла ў красавіку гэтага года. На ёй актыўна абмяркоўваліся пытанні адукацыі і падрыхтоўкі спецыялістаў для галіны. На нарадзе гэтая тэма, па словах Аляксандра Турчына, атрымала лагічнае завяршэнне: кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову аб стварэнні IT-ВНУ.
"Гэта прапанова не толькі IT-супольнасці, але і нашых вядучых ВНУ: БДУ і БДУІР. Думаю, што ў бліжэйшы час мы ўнясем на разгляд кіраўніка дзяржавы адпаведны праект нарматыўнага прававога акта, які будзе рэгуляваць дзейнасць гэтай установы адукацыі", - распавёў першы віцэ-прэм'ер.
Падчас мерапрыемства з боку IT-супольнасці прагучала таксама прапанова аб эксперыментальнай IT-адукацыі на базе школьнай. Ініцыятарам выступіў прадпрымальнік, заснавальнік інвестыцыйнай кампаніі VP Capital Віктар Пракапеня, які выказаў гатоўнасць узяць шэфства над некалькімі школамі, каб сфармаваць там профільныя класы. Гэтая ідэя знайшла падтрымку ў кіраўніка дзяржавы.