22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі прыняты меры па абароне правоў грамадзян, якія будуюць жыллё па льготных крэдытах. Такое меркаванне выказалі ў Міністэрстве будаўніцтва і архітэктуры Беларусі, каментуючы ўказ №361 "Аб удасканаленні парадку вызначэння кошту будаўніцтва аб'ектаў і ўнясенні змяненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" ад 11 жніўня 2011 года. Спецыялісты міністэрства адзначылі, што дакумент прыняты з мэтай укаранення ў практыку будаўніцтва нязменных дагаворных (кантрактных) цэн на будаўніцтва аб'екта (у тым ліку этапаў работ па будаўніцтве), што ў першую чаргу дазволіць абараніць правы грамадзян, якія будуюць жыллё з прыцягненнем льготных крэдытаў. Нарматова-прававы акт устанаўлівае, што праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва аб'ектаў, незалежна ад крыніц фінансавання, распрацоўваецца на падставе нарматываў расходу рэсурсаў у натуральным выражэнні або укрупнёных нарматываў кошту будаўніцтва адзінак плошчы, аб'ёму, магутнасці аб'екта, кошту аб'ектаў-аналагаў. Так, згодна з указам праектны кошт будаўніцтва аб'ектаў вызначаецца на дату пачатку выканання будаўнічых, спецыяльных, мантажных работ, якая ўстанаўліваецца заказчыкам, забудоўшчыкам з улікам нарматыўнай працягласці будаўніцтва, вызначанай у праектнай дакументацыі, і прагнозных індэксаў цэн у будаўніцтве. Што тычыцца ўнясення змяненняў у некаторыя ўказы кіраўніка дзяржавы, то тут знайшлі адлюстраванне прапановы Мінбудархітэктуры аб неабходнасці рэгулявання кошту не толькі работ, але і будаўнічых матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца пры ўзвядзенні аб'ектаў за бюджэтныя сродкі, а таксама пры будаўніцтве жылых дамоў (за выключэннем фінансаваных за кошт сродкаў замежных інвестараў). Гэтыя прапановы, якія ўжо вылучаліся, сёння асабліва актуальныя ў сувязі са складзеным эканамічным становішчам і вырашэннем задачы па рэгуляванні кошту будаўніцтва, у першую чаргу жыллёвага, для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, падкрэслілі ў міністэрстве. На думку спецыялістаў, на сучасным этапе неабходна захаваць функцыю дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння аб'ектаў, якія ўзводзяцца з дзяржпадтрымкай. Гэта неабходная мера, якая дазваляе абараняць правы грамадзян, якія будуюць жыллё з прыцягненнем льготных крэдытаў.