25 жніўня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. У Беларусі будзе працягнута палітыка індэксацыі дапамог, пенсій, стыпендый і заробкаў на рост інфляцыі і цэн. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "І хоць нас крытыкуюць за тое, што мы павялічылі пенсіі і індэксавалі заробкі, але такая палітыка неабходная, і яна будзе працягнута", - сказаў кіраўнік дзяржавы. На думку Прэзідэнта, рост цэн не так страшны, паколькі гэтыя грошы ўсё роўна так ці інакш застануцца ў прадпрыемстваў. Значна важней - ці хапае грошай у насельніцтва для таго, каб пракарміць сябе і сваю сям'ю, ці створаны ў краіне ўмовы для таго, каб насельніцтва магло зарабіць гэтыя грошы. "Ці здольна насельніцтва пры тым, што мы маем добры аб'ём вытворчасці малака і мяса, іншых прадуктаў, сёння нармальна харчавацца? Ці хапае ў насельніцтва для гэтага грошай? Я не кажу пры гэтым, што трэба выкінуць масу грошай, як гэта было раней. Грошы трэба зарабіць. Але ці стварылі мы ўмовы для таго, каб чалавек мог зарабіць столькі грошай, каб пракарміць сябе і сваю сям'ю", - сказаў ён. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада далажыць, ці ўсе рычагі сацыяльнай падтрымкі насельніцтва задзейнічаны, і ў першую чаргу - малазабяспечаных грамадзян.-0-

БЕЛТА