13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вясной гэтага года кампанія Яндекс арганізуе Першую канферэнцыю па праграмаванні для школьнікаў, у якой прымуць удзел старшакласнікі з Мінска, Екацярынбурга, Масквы, Новасібірска, Санкт-Пецярбурга і Сімферопаля. Пра гэта паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кампаніі.

Прыняць удзел у канферэнцыі могуць вучні 8-11-х класаў - як у індывідуальным парадку, так і ў складзе каманд колькасцю да чатырох чалавек.

Юным праграмістам будуць прапанаваны на выбар тры тэмы для распрацоўкі конкурснага праекта, у залежнасці ад секцыі канферэнцыі. Напрыклад, секцыя "Рух" будзе цікавая рабятам, якія паспяхова вырашаюць задачы мадэлявання. Праекты могуць быць прысвечаны мадэляванню аўтапатоку ў горадзе, алгарытмам руху ліфтоў у небаскробе, аўтаматычнаму кіраванню скрыжаваннямі, святлафорамі або грузаперавозкамі.

У секцыі "Словы" арганізатары чакаюць праекты, так ці інакш звязаныя з тэкстамі. Яны могуць быць прысвечаны стварэнню анаграм, генерацыі вершаў і рэцэптаў, машыннаму перакладу і праверцы марфалогіі, ацэнцы рэлевантнасці пошуку і "разумнай" фільтрацыі яго вынікаў па вузкай тэматыцы.

У секцыі "Воблакі" ўвага будзе ўдзяляцца кросплатформенным прыкладанням, у тым ліку мабільным, а таксама кліент-сервернай архітэктуры і хмарным вылічэнням.

Першасная рэгістрацыя каманд праводзіцца да 14 лютага ўключна на сайце канферэнцыі - http://tech.yandex.ru/education/m/msk-apr-2014/. У заяўцы трэба пазначыць абраную секцыю, колькасць удзельнікаў (для каманд), кантактныя дадзеныя куратара, горад і школу. Куратарамі могуць выступіць настаўнікі, кіраўнікі гурткоў, бацькі і іншыя дарослыя.

Зарэгістраваным камандам і індывідуальным удзельнікам да 5 красавіка трэба даслаць у адрас арганізатараў пашыраную заяўку, якая змяшчае тэхнічнае апісанне праграмы, скрыншоты, асаблівасці рэалізацыі. Падрабязны фармат заяўкі будзе апублікаваны на сайце канферэнцыі.

Вочная частка канферэнцыі, на якую запросяць аўтараў найбольш цікавых работ, пройдзе 27 красавіка адначасова ў шасці офісах Яндэкса ў Мінску, Екацярынбургу, Маскве, Новасібірску, Санкт-Пецярбургу і Сімферопалі. Прычым паміж офісамі будзе арганізаваны "жывы" тэлемост. Удзельнікам прапануюць прадставіць свае праграмы ў выглядзе прэзентацыі на 5-7 хвілін, а лепшыя работы школьнікаў вызначыць журы, у якое ўвойдуць ключавыя распрацоўшчыкі і эксперты Яндэкса. Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца 11 мая.-0-