У Беларусі прапрацоўваюцца дадатковыя формы падтрымкі сем'яў пры нараджэнні другога дзіцяці
20.12.20120 праглядаў
20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі прапрацоўваецца магчымасць увядзення дадатковых форм падтрымкі сем'яў пры нараджэнні другога дзіцяці. Пра гэта паведаміў сёння намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, выступаючы на сумесным пасяджэнні дзвюх палат парламента, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах віцэ-прэм'ера, запланавана рэалізацыя пілотнага праекта ў 2014-2015 гадах, у рамках якога будуць апрабаваны дадатковыя формы падтрымкі сем'яў пры нараджэнні другога дзіцяці. "Важна пераканаць маладыя сем'і нараджаць другое дзіця. У сувязі з гэтым прапрацоўваецца магчымасць дадатковых форм сур'ёзнай падтрымкі для сем'яў пры нараджэнні другога дзіцяці", - сказаў Анатоль Тозік.
"Сям'я, якая забяспечыць захаванне беларускага народа, - гэта сям'я з трыма дзецьмі. Да гэтага трэба імкнуцца ўсімі сродкамі - фінансавымі, матэрыяльнымі, вырашэннем жыллёвага пытання, - падкрэсліў ён. - У Беларусі толькі 5% сем'яў маюць траіх і больш дзяцей, адно дзіця выхоўваюць 65% сем'яў".
Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі адзначыў, што пытанні дэмаграфічнага развіцця, падтрымкі сям'і, стымулявання нараджальнасці, зніжэння смяротнасці працягваюць заставацца надзвычай актуальнымі. У рэспубліцы адзначаецца рост нараджальнасці і змяншэнне смяротнасці ад знешніх прычын. "Гэтыя паказчыкі з'яўляюцца найбольш яскравым пацвярджэннем эфектыўнасці сацыяльнай палітыкі, стану грамадскай свядомасці, стабільнасці ў грамадстве, упэўненасці людзей у будучыні", - лічыць ён.
Так, за апошнія пяць гадоў сумарны каэфіцыент нараджальнасці ў Беларусі павялічаны з 1,25 да 1,51. У 2010 годзе нарадзіліся 108 тыс. 50 дзяцей, у 2011-м - 109 тыс. 200 дзяцей, за дзесяць месяцаў бягучага года - 96 тыс. дзяцей (на 5,5 тыс. дзяцей больш, чым за аналагічны мінулагодні перыяд).
Колькасць памерлых у студзені-кастрычніку 2012 года склала 104 тыс. 990 чалавек, за аналагічны перыяд 2011 года - 113 тыс. 854 чалавек. "Пры гэтым дзіцячая смяротнасць знізілася да 3,5 чалавека на 1 тыс. народжаных дзяцей. Гэта паказчык сусветнага ўзроўню, якога дасягнулі далёка не ўсе высокаразвітыя краіны", - падкрэсліў Анатоль Тозік.
У студзені-кастрычніку 2010 года натуральны ўбытак насельніцтва склаў 23 тыс. 927 чалавек, у студзені-кастрычніку 2012-га - 9 тыс. 165 чалавек. З улікам невялікага міграцыйнага прыросту колькасць насельніцтва Беларусі за дзесяць месяцаў бягучага года зменшылася на 5 тыс. 167 чалавек, што з'яўляецца найлепшым паказчыкам за апошнія 20 гадоў.
Акрамя Мінска, дзе натуральны прырост насельніцтва назіраецца з 2006 года, у студзені-кастрычніку бягучага года нараджальнасць перавысіла смяротнасць і ў Брэсцкай вобласці, а таксама ў 71 з 112 гарадоў і 24 з 92 пасёлкаў гарадскога тыпу. Прырост сельскага насельніцтва з улікам міграцыі адзначаны ў Мінскім і Брэсцкім раёнах.
У адпаведнасці з Нацыянальнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі на 2011-2015 гады, неабходна спыніць да 2015 года скарачэнне колькасці насельніцтва на ўзроўні 9 млн. 449 тыс. чалавек і забяспечыць пераход да дэмаграфічнага росту. "Найважнейшым інструментам для дасягнення гэтай мэты з'яўляецца максімальна магчымая падтрымка сям'і і стымуляванне нараджэння дзяцей", - сказаў Анатоль Тозік.
Па словах намесніка прэм'ер-міністра Беларусі, за два гады значныя сродкі інвеставаны ў забеспячэнне даступнасці жылля для шматдзетных і маладых сем'яў, паэтапна павялічаны памеры дзяржаўных дапамог па доглядзе за дзецьмі-інвалідамі, дзецьмі старэйшыя за тры гады, вырашаны пытанні з забеспячэннем бясплатным харчаваннем дзяцей ва ўзросце да двух гадоў і медыкаментамі па дасягненні дзецьмі трохгадовага ўзросту. Анатоль Тозік таксама нагадаў, што з 1 студзеня 2013 года будзе значна павялічаны памер дапамогі па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў, якая будзе прывязана да сярэдняй заработнай платы па краіне.-0-
БЕЛТА