10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі працуюць ужо 10 кабінетаў замяшчальнай тэрапіі наркаманіі, а да канца бягучага года іх стане 13. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА спецыяліст па сувязях з грамадскасцю групы кіравання грантамі Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй (ГФ) у Беларусі Марыя Маліноўская. Дзясяты кабінет адкрыўся ў жніўні ў Полацку, у сетку замяшчальнай тэрапіі ў рэспубліцы будуць таксама ўключаны Бабруйск, Барысаў, Слуцк. Усяго на сённяшні дзень у праграме замяшчальнай тэрапіі наркаманіі ўдзельнічаюць ужо каля 650 пацыентаў. Наркадыспансеры, на базе якіх ужываецца замяшчальная тэрапія, за кошт сродкаў ГФ адрамантаваны і аснашчаны неабходным абсталяваннем, сігналізацыяй. Новы кабінет дзейнічае на базе Полацкай абласной псіхіятрычнай бальніцы, у праграму замяшчальнай тэрапіі ўключаны пяць першых пацыентаў. Характэрна, што двое пацыентаў пераехалі жыць у Беларусь з-за мяжы і былі рады магчымасці працягнуць праграму замяшчальнай тэрапіі ў нашай краіне. Вопыт укаранення праграмы замяшчальнай тэрапіі ў Беларусі сведчыць пра паляпшэнне якасці жыцця пацыентаў: больш за 100 удзельнікаў праграмы знайшлі новую працу, сацыялізаваны, у многіх наладзіліся адносіны ў сям'і. Замяшчальная тэрапія таксама засцерагае ад рызыкі заражэння ВІЧ ін'екцыйным шляхам. Праграма замяшчальнага лячэння наркаманіі - адзін з вядучых напрамкаў рэалізацыі грантаў ГФ. Гранты выконваюцца ў Беларусі Праграмай развіцця ААН у супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя і даюць унікальную магчымасць укараніць у краіне лепшыя практыкі ў галіне прафілактыкі і лячэння ВІЧ/СНІДу. Марыя Маліноўская падкрэсліла, што рэалізацыя праграмы замяшчальнай тэрапіі ў Беларусі высока ацанілі эксперты Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй. У сваёй працы беларускія наркалагі шырока выкарыстоўваюць літоўскі і шведскі вопыт замяшчальнага лячэння наркаманіі.-0-

БЕЛТА