15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі распрацаваны механізм прыпынення дзейнасці ІП на перыяд догляду за дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў. Аб гэтым сёння журналістам паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Мінпрацы і сацабароны Марына Арцёменка, перадае кар. БЕЛТА.

"Распрацаваны праект нарматыўна-прававога акта, які рэгламентуе парадак прыпынення дзейнасці ІП і некаторых іншых катэгорый асоб у перыяд догляду за дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў. Сёння на заканадаўчым узроўні такога механізму няма. Дакумент знаходзіцца на разглядзе ва ўрадзе", - сказала Марына Арцёменка.

Неабходнасць распрацоўкі такога дакумента была выклікана тым, што з 1 студзеня 2013 года ў краіне ўведзена норма, па якой ІП, а таксама натарыусам, адвакатам, рамеснiкам выплата дапамогі па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў прызначаецца ў памеры 50%. "Гэта было абумоўлена неабходнасцю адзінага падыходу да жанчын, якія працуюць па працоўных дагаворах. Калі жанчына выходзіць на працу больш чым на паў стаўкі, то выплата дапамогі ёй належыць у памеры 50%. Такі ж падыход быў прыменены да тых катэгорый асоб, якія самастойна арганізуюць сваю занятасць, але не працуюць па працоўных дагаворах, не маюць наймальнікаў", - растлумачыла Марына Арцёменка.-0-