20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з 1 красавіка асобным катэгорыям грамадзян будзе аказвацца дадатковая сацдапамога. Адпаведны ўказ № 41 "Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе" Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 19 студзеня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Дакумент прыняты ў мэтах удасканалення сістэмы дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі і ўзмацнення дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва. У сістэму дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ўключаецца забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця, што прадастаўляецца сем'ям, якія маюць сярэднедушавы даход ніжэйшы за найбольшую велічыню бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага ўрадам, за два апошнія кварталы, а сем'ям пры нараджэнні двайнят або больш дзяцей – незалежна ад сярэднедушавога даходу. Указам павялічваецца да 10-кратнага памеру бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва максімальны памер аднаразовай сацыяльнай дапамогі, а таксама пашыраюцца пералік тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, што падлягаюць аплаце за кошт сродкаў дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, і кола асоб, якія маюць права на яе прадастаўленне. Таксама ўводзіцца новы від сацыяльнай дапамогі для інвалідаў I групы і дзяцей-інвалідаў, якія маюць IV ступень страты здароўя. Грамадзяне (сем'і) набываюць права на адначасовы зварот за прадастаўленнем розных відаў дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. Указ уступае ў сілу з 1 красавіка 2012 года.-0-

БЕЛТА