1 жніўня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі ўстаноўлены новыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў (МСБ) для розных сацыяльна-дэмаграфічных груп у сярэднім на душу насельніцтва і на аднаго члена сям'і рознага складу ў сярэдніх цэнах чэрвеня 2013 года. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Мінімальны спажывецкі бюджэт на аднаго члена сям'і з чатырох чалавек з 1 жніўня па 31 кастрычніка бягучага года ў разліку на месяц складае Br1 млн. 595 тыс. 980. Гэта на 4,5% перавышае нарматыў, які дзейнічаў з 1 мая па 31 ліпеня (Br1 млн. 527 тыс. 270).

Па словах спецыялістаў, асноўныя артыкулы расходаў МСБ сям'і з чатырох чалавек у цэнах чэрвеня наступныя: прадукты харчавання - 54,3%, адзенне, бялізна, абутак - 22,1%, карыстанне жылым памяшканнем і камунальныя паслугі - 5,1%, бытавыя паслугі, транспарт, сувязь - 5,3%, прадметы культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння - 8,1%, прадметы санітарыі, гігіены, лекі - 2,2%, культурна-асветніцкія мерапрыемствы і адпачынак - 1,6%, унёскі і плацяжы - 1,3%.

Устаноўлены таксама сярэднедушавыя мінімальныя спажывецкія бюджэты маладой сям'і з трох чалавек - Br1 млн. 686 тыс. 790, працаздольнага насельніцтва - Br2 млн. 37 тыс. 500, пенсіянераў - Br1 млн. 587 тыс. 700, студэнтаў - Br1 млн. 569 тыс. 270, дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br1 млн. 242 тыс. 880, дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў - Br1 млн. 495 тыс. 230, дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў - Br1 млн. 769 тыс. 500.

У міністэрстве растлумачылі, што Законам Рэспублікі Беларусь "Аб фарміраванні і выкарыстанні мінімальнага спажывецкага бюджэту" ўстаноўлена прававая аснова вызначэння і выкарыстання МСБ. Мінімальны спажывецкі бюджэт уяўляе сабой расходы на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальнення асноўных фізіялагічных і сацыяльна-культурных патрэб чалавека.

Мінімальныя спажывецкія бюджэты ўстанаўліваюцца штоквартальна пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў цэнах апошняга месяца квартала для шасці сацыяльна-дэмаграфічных груп і дзвюх сем'яў рознага складу.

МСБ прымяняецца як сацыяльны нарматыў для прагназавання змяненняў узроўню жыцця насельніцтва, узмацнення сацыяльнай падтрымкі нядольных грамадзян, абгрунтавання мінімальных памераў дзяржаўных сацыяльных гарантый.-0-