26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з 1 жніўня павышаюцца працоўныя і сацыяльныя пенсіі. Адпаведны ўказ №327 "Аб павышэнні пенсій і ўнясенні змяненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2010 г. №544" 26 ліпеня падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Указам прадугледжана правесці пераразлік працоўных пенсій у жніўні і лістападзе 2011 года, а таксама павысіць памеры сацыяльных пенсій. З 1 жніўня пераразлік працоўных пенсій будзе праведзены зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў за II квартал 2011 года. У выніку пераразліку пенсіі павялічацца ў сярэднім на 13% - з Br669 тыс. да Br757 тыс. Таксама з 1 жніўня павялічацца памеры сацыяльных пенсій: інвалідам I групы (у тым ліку інвалідам з дзяцінства) - з 85% да 100% бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ); інвалідам з дзяцінства II групы - з 75% да 95% БПМ; інвалідам II групы, дзецям у выпадку страты кармільца на кожнае дзіця - з 65% да 85% БПМ; інвалідам III групы (у тым ліку інвалідам з дзяцінства) - з 55% да 75% БПМ; дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў пры ступені страты здароўя: першай - з 60% да 80% БПМ, другой - з 65% да 85% БПМ, трэцяй - з 75% да 95% БПМ, чацвёртай - з 85% да 110% БПМ. З 1 лістапада 2011 года пераразлік працоўных пенсій будзе праведзены зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў за III квартал бягучага года. У выніку пераразліку пенсіі павялічацца ў сярэднім на 7,9% - з Br757 тыс. да Br817 тыс. Дадатковыя выдаткі на выплату працоўных і сацыяльных пенсій з 1 жніўня складуць Br220,6 млрд., а з 1 лістапада - Br370,6 млрд. у месяц. У цэлым для рэалізацыі названых мер спатрэбіцца Br1,4 трлн. Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Мінпрацы і сацабароны мае фінансавыя сродкі ў неабходным аб'ёме.-0-

БЕЛТА