1 жніўня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі з 1 жніўня 2012 года павышаны пенсіі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў. Паводле яго слоў, на падставе ўказа ад 16 студзеня 2012 года № 35 "Аб павышэнні пенсій" з 1 жніўня будзе праведзены пераразлік працоўных пенсій зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за другі квартал 2012 года. Паводле даных Беластата, яна склала Br3 млн. 520 тыс. 252 - гэта на 17,1% вышэй за паказчык, які ўжываўся пры пераразліку працоўных пенсій у маі бягучага года. У выніку працоўныя пенсіі, пры вылічэнні памеру якіх не ўжываецца бюджэт мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ), з жніўня павялічацца на 17,1%. Таксама ў жніўні будуць пералічаны мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі, павышэнні да пенсій і даплаты асобам старэйшага ўзросту ў сувязі з ростам БПМ (зацверджаны ўрадам на перыяд з 1 жніўня па 31 кастрычніка ў памеры Br843 тыс. 870, што на 13,6% вышэй за БПМ, які дзейнічаў з 1 мая па 31 ліпеня бягучага года). Такім чынам, сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні адпаведна павялічацца на 13,6%. З улікам новай велічыні БПМ памеры даплаты да пенсій непрацуючых пенсіянераў з жніўня складуць для людзей, якія дасягнулі ўзросту 75 гадоў, - Br158,2 тыс. (75% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце), якія дасягнулі ўзросту 80 гадоў - Br211 тыс. (100% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце). У цэлым сярэдняя пенсія па ўзросце, па ацэнцы, павялічыцца на 16,8% і дасягне Br1 млн. 719,9 тыс. "Памер пенсіі для канкрэтнага чалавека залежыць ад індывідуальных параметраў, якія выкарыстоўваюцца для разліку яго пенсіі - стажу працы, індывідуальнага каэфіцыента", - падкрэсліў намеснік міністра. Фінансаванне расходаў на павелічэнне пенсій будзе ажыццяўляцца са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Дадатковыя расходы на гэтыя мэты ў жніўні складуць Br592,3 млрд.