5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з 1 студзеня 2013 года вырастуць стаўкі акцызаў на паліва, алкаголь і цыгарэты. Гэта прадугледжана законам №431-З ад 26 кастрычніка 2012 года, якім унесены змяненні і дапаўненні ў Падатковы кодэкс Беларусі. Закон афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Згодна з дакументам, стаўкі акцызаў на аўтамабільны бензін і дызельнае паліва з 1 студзеня 2013 года вырастуць у сярэднім на 20%. Так, стаўка акцызу на дызельнае паліва складзе Br991,8 тыс. за 1 тону, на біядызельнае паліва - Br306,5 тыс. Для дызпаліва, якое выкарыстоўваецца пры вытворчасці біядызельнага паліва, прадугледжана нулявая стаўка акцызаў. Стаўка акцызу на бензін з актанавым лікам 95 і вышэй складзе Br1 млн. 231,5 тыс. за 1 тону, на бензін з актанавым лікам ад 91 да 95 - Br1 млн. 544 тыс., з актанавым лікам да 91 - Br1 млн. 751,1 тыс.
На алкаголь стаўкі акцызаў з 1 студзеня 2013 года будуць павялічаны на 11,8-61,6%. Напрыклад, стаўка акцызу на алкагольную прадукцыю з аб'ёмнай доляй этылавага спірту 7% і больш павялічыцца на 34,5% і складзе Br104,5 тыс. у разліку на 1 літр 100% этылавага спірту ў прадукцыі. На натуральныя віны, у тым ліку шампанскія і пеністыя, стаўка акцызу вырасце на 33,5% да Br4,7 тыс. Таксама павялічыцца стаўка акцызу на піва з утрыманнем аб'ёмнай долі этылавага спірту ад 0,5% да 7% і піўныя кактэйлі - на 12,4% да Br2,9 тыс. за 1 літр. Стаўка акцызу на харчовы этылавы спірт вырасце на 34,6% і з 1 студзеня 2013 года складзе Br29,1 тыс. Будуць павялічаны стаўкі акцызаў і на іншыя віды алкагольнай прадукцыі.
Стаўкі акцызаў на тытунёвыя вырабы з 1 студзеня 2013 года вырастуць у 1,5-3,5 раза. Раней беларускі бок неаднаразова заяўляў аб планах паступовага павышэння ставак акцызаў на алкаголь і тытунь да расійскага ўзроўню. -0-
БЕЛТА
У Беларусі з 1 студзеня 2013 года вырастуць акцызы на паліва, алкаголь і цыгарэты
5.11.20120 праглядаў