31 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з 1 студзеня 2011 года ў адпаведнасці з указам №552 ад 27 кастрычніка змяняюцца некаторыя ўмовы пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Указам вызначана, што дзяржпадтрымка на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў можа аказвацца для рэалізацыі толькі аднаго выбранага грамадзянамі спосабу паляпшэння жыллёвых умоў. У прыватнасці, грамадзяне, якія атрымалі без аўкцыёну зямельныя ўчасткі для будаўніцтва жылых дамоў, не могуць разлічваць на дзяржаўную падтрымку пры адначасовым будаўніцтве іншага жылля. У сваю чаргу грамадзянам, якім аказваецца дзяржпадтрымка на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылля ў складзе арганізацыі забудоўшчыкаў або на заключэнне дагавора долевага будаўніцтва, да прыняцця рашэння аб зняцці іх з уліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў або адмовы грамадзян ад ажыццяўлення такога будаўніцтва (рэканструкцыі) або набыцця жылога памяшкання зямельныя ўчасткі для будаўніцтва жылых дамоў без аўкцыёну не прадастаўляюцца. Улік грамадзян, якія пражываюць у населеных пунктах, размешчаных на тэрыторыях сельсаветаў, будзе ажыццяўляцца адпаведнымі сельскімі выканаўчымі камітэтамі, а грамадзян, якія маюць права на атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання, - сельскімі і раённымі выканаўчымі камітэтамі. Дакументам таксама вызначаны парадак уліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і парадак забеспячэння іх жылымі памяшканнямі. Вызначаны таксама выпадкі прыняцця мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі рашэнняў аб немагчымасці высялення гэтай катэгорыі дзяцей і прыраўнаваных да іх асоб у замацаваныя за імі жылыя памяшканні, а таксама права гэтай катэгорыі грамадзян на прадастаўленне ім жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання.-0-

БЕЛТА