У Беларусі з 1 студзеня спросціцца парадак прадастаўлення зямель для будаўніцтва аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу
26.9.20110 праглядаў
26 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з 1 студзеня 2012 года ўдасканальваецца парадак прадастаўлення зямель для будаўніцтва аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу. Адпаведны ўказ №431 "Аб некаторых мерах па ўдасканаленні адносін у галіне вылучэння, прадастаўлення і выкарыстання зямельных участкаў" Прэзідэнт Беларусі падпісаў 23 верасня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Указ падпісаны з мэтай удасканалення рэгулявання адносін у галіне аховы і выкарыстання земляў. Ён накіраваны на рэалізацыю асобных палажэнняў Дырэктывы №4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь". Гаворка ідзе аб спрашчэнні парадку прадастаўлення земляў для рэалізацыі інвестпраектаў, а таксама карэкціроўцы шэрагу нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць зямельныя адносіны.
Так, зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу будуць прадастаўляцца без правядзення аўкцыёнаў. Пры гэтым кампетэнцыя па вылучэнні і прадастаўленні ўчасткаў для будаўніцтва названых аб'ектаў перадаецца ад абласных выканкамаў раённым.
Грамадзянам дадзена права выкарыстоўваць зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя для будаўніцтва і (або) абслугоўвання жылога дома, вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, без змены іх мэтавага прызначэння таксама і для рамеснай дзейнасці, аказання паслуг у сферы аграэкатурызму, іншай прадпрымальніцкай дзейнасці.
Недзяржаўным юрыдычным асобам прадастаўлена права набываць у прыватную ўласнасць зямельныя ўчасткі, раней дадзеныя ў карыстанне для абслугоўвання належных ім капітальных будынкаў, па цане, роўнай 70% ад іх кадастравага кошту.
Указ таксама абавязвае мясцовыя выканкамы выстаўляць на аўкцыёны па продажы зямельных участкаў у прыватную ўласнасць для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў не менш за 30% зямельных участкаў, уключаных у пералікі свабодных (незанятых) зямельных участкаў.
У дакуменце замацаваны розныя ўмовы прадастаўлення зямельных участкаў для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва і вызначэння кошту такіх участкаў для розных катэгорый насельніцтва. Так, шматдзетным сем'ям, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, зямельныя ўчасткі будуць прадастаўляцца ва ўласнасць бясплатна. Іншыя грамадзяне, якія працяглы час стаяць на такім уліку і не маюць ва ўласнасці аб'ектаў нерухомасці, змогуць атрымаць зямлю ва ўласную уласнасць з унясеннем платы ў памеры 20% ад кадастравага кошту або ў пажыццёвае спадчыннае валоданне.
У мэтах прадухілення магчымых выпадкаў перапродажу зямлі, атрыманай на льготных умовах, указам уводзіцца абмежаванне права грамадзян, якія атрымалі зямельныя ўчасткі як тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, адчужаць такія ўчасткі да заканчэння васьмі гадоў з дня дзяржаўнай рэгістрацыі ўзведзеных на іх жылых дамоў (за выключэннем адчужэння мясцовым выканаўчым камітэтам).
У адпаведнасці з указам Савету Міністраў даручана вызначыць адзіны парадак уліку грамадзян, якія жадаюць атрымаць зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных, блакаваных жылых дамоў.
Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2012 года.-0-
БЕЛТА