У Беларусі ўстаноўлены памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў (МСБ) для розных сацыяльна-дэмаграфічных груп у сярэднім на душу насельніцтва і на аднаго члена сям'і рознага складу ў цэнах сакавіка 2017 года. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 21 красавіка 2017 года №20, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў профільным ведамстве.

Так, мінімальны спажывецкі бюджэт на аднаго члена сям'і з чатырох чалавек з 1 мая па 31 ліпеня бягучага года ў разліку на месяц складае Br309,07 (гэты нарматыў з 1 лютага па 30 красавіка бягучага года быў Br298,85).

У цяперашні час сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт сям'і з чатырох чалавек служыць асновай для вызначэння права грамадзян на атрыманне льготных крэдытаў і субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў; грамадзян, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек, - льготных крэдытаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў, а таксама для вызначэння іншых сацыяльных стандартаў.

Удзельная вага асноўных артыкулаў спажывецкіх выдаткаў у мінімальным спажывецкім бюджэце сям'і з чатырох чалавек у цэнах сакавіка 2017 года наступная: прадукты харчавання - 49%, адзенне, бялізна, абутак - 19,5%, жыллёва-камунальныя паслугі - 7,8%, бытавыя паслугі, транспарт, сувязь - 9,1%, мэбля, прадметы культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння - 8,8%, культурна-асветніцкія мерапрыемствы і адпачынак - 1,5%, унёскі і плацяжы - 1,9%, лекавыя сродкі, прадметы санітарыі і гігіены - 2,4%.

Пастановай Мінпрацы і сацабароны ўстаноўлены на перыяд з 1 мая па 31 ліпеня 2017 года сярэднедушавыя мінімальныя спажывецкія бюджэты маладой сям'і з трох чалавек у памеры Br335,28; працаздольнага насельніцтва - Br396,75; пенсіянераў - Br311,69; студэнтаў - Br295,62; дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br251,16; дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў - Br325,03; дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў - Br337,05.

Мінімальныя спажывецкія бюджэты ўстанаўліваюцца штоквартальна пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў цэнах апошняга месяца квартала для шасці сацыяльна-дэмаграфічных груп і дзвюх сем'яў рознага складу.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)