16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з 1 кастрычніка павялічваецца памер дзяржаўнай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці. Адпаведны ўказ №416 Прэзідэнт Беларусі падпісаў 15 верасня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. Указам прадугледжана з 1 кастрычніка 2011 года дзяржаўную дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці, якая назначаецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 1992 года "Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей", выплачваць у наступным памеры: пры нараджэнні першага дзіцяці - дзесяціразовай найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва за два апошнія кварталы перад датай нараджэння дзіцяці; пры нараджэнні другога і наступных дзяцей - чатырнаццаціразовай найбольшай велічыні БПМ у сярэднім на душу насельніцтва за два апошнія кварталы перад датай нараджэння дзіцяці. Новы памер дзяржаўнай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці павялічыць выдаткі бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і рэспубліканскага бюджэту ў 2011-2014 гадах на Br1,32 трлн. У 2011 годзе выдаткі сродкаў бюджэту фонду павялічацца на Br71,9 млрд. Гэтыя сродкі прадугледжаны ў бюджэце фонду на 2011 год. Як растлумачылі ў прэс-службе, прыняцце ўказа накіравана на стварэнне спрыяльных умоў для нараджэння і выхавання ў сем'ях дзяцей, у тым ліку другіх і наступных, а таксама ў цэлым стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі.-0-

БЕЛТА