У Беларусі з 12 лістапада ўводзяцца неадклічныя банкаўскія ўклады, пры якіх датэрміновае вяртанне па ініцыятыве ўкладчыка не прадугледжваецца. Адпаведная норма закладзена ў дэкрэце Прэзідэнта Беларусі ад 11 лістапада 2015 года № 7 "Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)". Пра гэта паведамляе прэс-служба Нацыянальнага банка, перадае БЕЛТА.
У Беларусі з 12 лістапада ўводзяцца неадклічныя банкаўскія ўклады, пры якіх датэрміновае вяртанне па ініцыятыве ўкладчыка не прадугледжваецца. Адпаведная норма закладзена ў дэкрэце Прэзідэнта Беларусі ад 11 лістапада 2015 года № 7 "Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)". Пра гэта паведамляе прэс-служба Нацыянальнага банка, перадае БЕЛТА.
"З 12 лістапада 2015 года ў Беларусі змяняецца класіфікацыя банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), - заявілі ў Нацбанку. - Дакумент (дэкрэт № 7. - Заўв. БЕЛТА) уступіў у сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне толькі на зноў заключаемыя дагаворы банкаўскага ўкладу (дэпазіту)".
У прэс-службе растлумачылі, што ў адпаведнасці з дзеючай у цяперашні час класіфікацыяй банкаўскія ўклады ў Беларусі падзяляюцца на некалькі відаў: тэрміновыя ўклады (вяртанне ўкладу ажыццяўляецца па заканчэнні тэрміну, вызначанага дагаворам, працэнтная стаўка залежыць ад сумы і тэрміну размяшчэння ўкладу - чым больш сума ўкладу і тэрмін яго размяшчэння, тым вышэйшы працэнтны даход); умоўныя ўклады (вяртанне ўкладу ажыццяўляецца пры наступленні пэўнай умовы (падзеі), зафіксаванай у дагаворы); уклады да запатрабавання (грошы з такога ўкладу можна здымаць у любы час без страты працэнтаў, але працэнтная стаўка па іх звычайна ніжэйшая ў параўнанні з іншымі відамі ўкладаў).
"У адпаведнасці з дэкрэтам № 7 пачынаючы з 12 лістапада 2015 года дагаворы тэрміновага і ўмоўнага банкаўскага ўкладу будуць падзяляцца на неадклічныя і адклічныя. Галоўнай адметнай асаблівасцю гэтых двух відаў дагавораў стануць умовы датэрміновага вяртання ўкладу", - распавялі ў Нацбанку.
Пры заключэнні адклічнага дагавора будзе прадугледжвацца магчымасць датэрміновага вяртання ўкладу па ініцыятыве ўкладчыка. Пры гэтым канкрэтныя тэрміны і ўмовы вяртання ўкладу будуць прапісвацца ў дагаворы паміж банкам і ўкладчыкам.
Неадклічным дагаворам датэрміновае вяртанне ўкладу па ініцыятыве ўкладчыка не прадугледжваецца. Вярнуць уклад да заканчэння тэрміну дзеяння дагавора можна будзе толькі са згоды банка.
"Дагаворы банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), заключаныя да 12 лістапада 2015 года, будуць выконвацца на ранейшых умовах на працягу ўсяго тэрміну дзеяння. Пры падаўжэнні дагавора на новы тэрмін яго палажэнні павінны быць прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі дэкрэта № 7", - адзначылі ў прэс-службе.
"Пры гэтым дзяржава па-ранейшаму гарантуе поўную захаванасць грашовых сродкаў фізічных асоб у беларускіх рублях і замежнай валюце, размешчаных на рахунках і (або) ва ўклады ў банках, і пакрыццё 100% сумы гэтых сродкаў у валюце рахунку альбо ўкладу з выплатай працэнтаў", - падкрэслілі ў Нацбанку.