13 ліпеня, Мінск /Лілія Крапівіна - БЕЛТА/. У Беларусі з 15 ліпеня 2012 года павышаюцца на 10% адпускныя цэны на хлеб і батоны. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства эканомікі ад 29 чэрвеня 2012 года №60, якая ўносіць дапаўненні і змяненні ў пастанову ад 26 красавіка 2012 года №35, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле сувязяў з грамадскасцю гэтага ведамства.
"Дадзенай пастановай прадугледжана магчымасць павышэння арганізацыямі-вытворцамі адпускных цэн, не перавышаючы гранічных максімальных адпускных цэн, па рэгулюемых групах хлеба і батонаў у ліпені на 10%", - адзначылі ў Мінэканомікі. Гаворка ідзе пра хлеб жытні і жытнёва-пшанічны без дадатковай сыравіны або з дадатковай сыравінай айчыннай вытворчасці, а таксама пра батоны і хлебцы з пшанічнай мукі з утрыманнем па рэцэптуры цукру і тлушчаў у суме не вышэй за 14% развагай 300 г і больш.
Пастанова прынята з мэтай кампенсацыі падаражэння кошту сельскагаспадарчай сыравіны, скарачэння стратнасці вытворчасці і насычэння спажывецкага рынку сацыяльна значнымі відамі хлеба і хлебабулачных вырабаў з улікам прапаноў Мінсельгасхарча.
Пастанова Мінэканомікі №60 уступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання - з 15 ліпеня 2012 года, удакладнілі ў міністэрстве.-0-
БЕЛТА
У Беларусі з 15 ліпеня павышаюцца на 10% адпускныя цэны на хлеб і батоны
13.7.20120 праглядаў