У Беларусі з 2013 года плануецца штогод выпускаць каля 10 млн. т цэменту
2.5.20120 праглядаў
2 мая, Ваўкавыск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. У Беларусі пачынаючы з 2013 года штогод будзе вырабляцца каля 10 млн.т цэменту. Ход рэалізацыі інвестпраектаў, дзякуючы якім будуць дасягнуты такія высокія паказчыкі, 30 красавіка падчас свайго рабочага візіту ў Гродзенскую вобласць вывучаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, наведаў ААТ "Краснасельскбудматэрыялы" у Ваўкавыскім раёне.
Асноўныя тэмы візіту кіраўніка дзяржавы - выкананне яго даручэнняў па мадэрнізацыі ў краіне цэментнай галіны, а таксама сацыяльна-эканамічнае развіццё Гродзенскай вобласці, Ваўкавыскага раёна, ход веснавых палявых работ.
Аляксандр Лукашэнка, падлятаючы на верталёце да Ваўкавыску, зверху праінспектаваў ход веснавых палявых работ у рэгіёне. "Калі астатнія раёны будуць як Свіслацкі і Ваўкавыскі, то і вынік у цэлым будзе добры", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да губернатара Гродзенскай вобласці.
Кіраўніку дзяржавы было даложана аб сацыяльна-эканамічным развіцці Ваўкавыскага раёна, ходзе веснавых палявых работ і меліярацыі земляў у Гродзенскай вобласці. Па стане на 30 красавіка план па сяўбе яравых у Гродзенскай вобласці выкананы на 76%.
Губернатар Гродзенскай вобласці Сямён Шапіра завастрыў увагу Прэзідэнта на неабходнасці павышэння ўрадлівасці глебаў у рэгіёне. Гэта актуальнае пытанне, але яму пакуль не надаецца дастатковай увагі. Менавіта таму старшыня аблвыканкама звярнуўся з просьбай да Прэзідэнта дапамагчы вылучыць сродкі, якія будуць накіраваны на тое, каб істотна павысіць урадлівасць глебаў у вобласці, што ў сваю чаргу дазволіць павялічыць ураджаі.
Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову губернатара па паляпшэнні якасці глебаў у рэгіёне і даручыў разгледзець пытанне вылучэння Гродзенскай вобласці Br150 млрд. на правядзенне адпаведных агратэхнічных мерапрыемстваў у рэгіёне.
Прэзідэнт таксама адобрыў падыходы па меліярацыі земляў на Гродзеншчыне, але пры гэтым паказаў на неабходнасць істотна актывізаваць гэты працэс.
У гэты дзень кіраўнік дзяржавы дэталёва вывучыў сітуацыю з развіццём цэментнай галіны і ходам выканання дадзеных раней даручэнняў Прэзідэнта.
Цэментная прамысловасць у краіне прадстаўлена трыма ААТ - "Краснасельскбудматэрыялы", "Беларускі цэментны завод", "Крычаўцэментнашыфер". На гэтых прадпрыемствах працуюць больш за 5,7 тыс. чалавек. Сярэднямесячная зарплата за першы квартал бягучага года склала Br3,8 млн.